Улады хочуць спрасціць працэдуру выдачы віду на жыхарства ў Беларусі. Навошта?


«Будзем рабіць усё, каб прыняць у нашую беларускую сям‘ю самых прыстойных і добрых нашых суседзяў», – відаць, працягам гэтых нядаўніх словаў Лукашэнкі сталася наступная заява Міністэрства ўнутраных справаў: «Цяпер МУС прапрацоўвае пытанне аб спрашчэнні працэдуры выдачы віду на жыхарства грамадзянам Латвіі, Літвы, Эстоніі ды Польшчы, якія маюць беларускія карані, у тым ліку скарачэнне тэрміну гэтай адміністратыўнай працэдуры да аднаго месяца».

Але хто гэтыя «добрыя і прыстойныя суседзі», паводле Лукашэнкі, якіх можа прывабіць такая магчымасць? І чым карысныя яны могуць быць для Беларусі?

Палітолаг Дзмітрый Балкунец кажа:

«Напрыклад, тыя, хто нарадзіўся ў савецкай краіне і з’ехаў у іншыя рэгіёны СССР. Але гэта будзе не тое, што патрэбна эканоміцы, гэта не драйвер эканомікі, напрыклад, гэта будуць пенсіянеры. Гэтае не тое, што можа змяніць сітуацыю. Але для Лукашэнкі, так, гэта будуць паслухмяныя грамадзяне».

Заявы пра спрошчанае атрыманне беларускага ВНЖ гучаць падчас хвалі эміграцыі з самой Беларусі. Да прыкладу, колькасць беларусаў з відам на жыхарства ў Польшчы перавысіла 50 тысяч асобаў. 90 адсоткаў ад гэтай лічбы атрымалі польскі ВНЖ з пачатку мінулага года. У Літве сёлета за першае паўгоддзе запыт на від на жыхарства падалі больш за 10 тысячаў грамадзян Беларусі. Зʼяжджаюць беларусы таксама ў Латвію, Эстонію ды Грузію. Паводле палітолага Андрэя Казакевіча:

«Праблема кампенсацыі той міграцыі і ўвогуле страт дэмаграфічных, якую я назіраю за апошні час, вельмі актуальная для беларускіх уладаў, ёсць разуменне, што да асобных сегментаў рынку працы гэта ўжо ўтварае сурʼёзную праблему».

Маркерам гэткіх цяжкасцяў у беларускім – як і ў расейскім – бізнесе можна лічыць, напрыклад, нядаўнюю фінансавую справаздачу IT-гіганта «EPAM», паводле якой, на рэлакацыю работнікаў з Беларусі і Расеі было выдаткавана больш за 33 мільёны долараў.

Дык ці могуць захады беларускага боку ў спрашчэнні атрымання ВНЖ для жыхароў суседніх краінаў нешта змяніць? Андрэй Казакевіч лічыць, што не:

«Малаверагодна, што беларускі рынак працы ці бізнэс-асяроддзе настолькі прыцягальныя, каб людзі пераязджалі і працавалі ў Беларусі. Усё гэта патрабуе сапраўды добрых працоўных месцаў, параўнальных з тым, што можна атрымаць у суседніх ці заходніх краінах, і гэта парабуе таксама добрага бізнес-клімату».

Эксперты мяркуюць, што такія крокі рэжым робіць, найперш граючы на ўнутраную беларускую аўдыторыю. Дзмітрый Балкунец кажа:

«Мне здаецца, гэта больш нейкая палітычная гісторыя, якую беларускія ўлады будуць раздуваць і казаць, што вось глядзіце, колькі людзей прыязджае ў Беларусь, а іншую інфармацыю яны падаваць не будуць».

Тут можна прывесці ў прыклад раздзіманне гісторыі з наданнем беларускага грамадзянства сямʼі падлетка з Латвіі Іллі Карозы, які ўзяў інтэрв‘ю ў Лукашэнкі падчас апошняга «Славянскага базару».

Раней сям’я заявіла пра ціск латышскіх спецслужбаў. Практычнага ж значэння беларускай эканоміцы і дэмаграфіі спрашчэнне атрымання ВНЖ для грамадзянаў суседніх краінаў – чальцоў Еўразвязу, паводле экспертаў, не прынясе.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»