Напружанне на беларуска-літоўскай мяжы расце


Законапраект аб будоўлі агароджаў на літоўска-беларускай мяжы прыняты. Да 2022 года Літва плануе ўсталяваць пяцісоткіламетровую перашкоду.

«Без фізічнага барʼеру немагчыма абараняць нашую мяжу. Нашая мэта – зрабіць гэта як мага хутчэй», – упэўненая міністр унутраных спраў Агне Білатайце.

Гэта будзе 4-метровы плот з металічнай сеткі з калючым дротам наверсе. Піраміда з калючага дроту будзе і побач з ім.

Яшчэ адна будоўля, выкліканая наплывам мігрантаў, – кантэйнерныя дамы для іх, якія пачалі ўсталёўваць у пачатку тыдня на стадыёне школы памежнікаў.

«Гэта металічныя дамкі, кантэйнеры, прыстасаваныя для жыцця ў паўночных краінах. Яны ўцепленыя. Там ёсць і радыятары, ложкі, шафкі, стол, крэслы. Акрамя дамкоў ёсць санітарны блок, тэрыторыя для адпачынку, ёсць сталоўка», – тлумачыць старшыня праўлення кіравання маёмасцю дзяржаўнай службы аховы мяжы Жыдрунас Карчаўскас.

Літва заявіла, што будзе вяртаць мігрантаў у Беларусь, а заявы аб атрыманні прытулку прымаюць толькі на прапускных пунктах або ў пасольстве. Учора затрымалі двух чалавек, сотню вярнулі.

Кіраўнік Міністэрства замежных справаў Літвы паведаміў, што з Іраку ў Менск вылецеў пусты самалёт, каб забраць тых, хто хоча вярнуцца.

«Літва закрывае мяжу. Таму не толькі не засталося шляху ў Еўропу, але і можна загінуць ад рук дыктатара. Адзіны бяспечны шлях у Еўропу – легальны шлях. Звяртаюся да іракцаў. Не верце таму, што кажуць вам тыя, хто прадае квіткі. Не едзьце ў Беларусь. Улады Іраку ведаюць, што вас чакае, спытайце ў іх», – заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

Гаворка пра смерць іракскага мігранта 4-га жніўня, у якой Лукашэнка, у сваю чаргу, вінаваціць літоўскі бок. З учора і Беларусь не пускае ўцекачоў назад.

«З сённяшняга дня ні адна нага на тэрыторыі Беларусі з сумежнага боку, ці то з поўдня, ці то з захаду, ступіць не павінна», – пастанавіў учора Лукашэнка.

Таму ўзнікаюць сітуацыі, калі мігранты могуць прастаяць між літоўскімі і беларускімі памежнікамі некалькі гадзінаў, нават содні.

Напружанне на беларуска-літоўскай мяжы расце, але ці можа дайсці да сілавога развязання?

«Трэба прызнаць, што ўзровень напружанасці павысіўся, і рызыка абвастрэння сітуацыі існуе. У тым ліку таму, што абодва бакі, калі зыходзіць з таго, што мы бачым у грамадскім полі, як Беларусі, так і Літвы, абодва бакі настроеныя рашуча», – лічыць старэйшы эксперт цэнтру геапалітычных даследаванняў Літвы Вадзім Валавы.

Наплыў мігрантаў павялічыўся і на беларуска-польскай мяжы. Учора затрыманы 71 уцякач з Афганістану. Пазаўчора – 62 мігранты, большасць з якіх – грамадзяне Іраку.

«Беларусь вядзе гібрыдную вайну з Еўразвязам з дапамогаю нелегальных мігрантаў, якіх памежнікі прапускаюць праз польскую і літоўскую межы. Беларусь выкарыстоўвае іх як жывую зброю», – упэўнены намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Вонсік.

Праз мігранцкі крызіс прэмʼер-міністры Латвіі, Эстоніі ды Літвы прапанавалі пашырыць старыя санкцыі і ўвесці новыя, сектаральныя і персанальныя, у дачыненні Беларусі.

Яна Шэк, «Белсат»