Міжнародны трыбунал супраць Лукашэнкі


«Амерыка павінна быць гатовая звярнуцца ў Міжнародны крымінальны суд наконт дзеянняў рэжыму Лукашэнкі» – заявіў сустаршыня Камісіі правоў чалавека ў кангрэсе ЗША Крыстафэр Сміт.

На думку кангрэсмена, «Лукашэнка вельмі напалоханы і перабывае ў адчаі ад таго, што можа згубіць уладу». Маўляў, гэта вельмі небяспечны стан, бо ён гатовы на што заўгодна ў адносінах беларускага народу.

«Я падтрымліваў заснаванне падобных трыбуналаў для трагедыяў у Руандзе, Сьера-Леонэ і былой Югаславіі. Я ўпэўнены, што Слабодан Мілошэвіч, як і іншыя забойцы, ніколі не думаў, што апынецца на лаве падсудных.

Расея не была гэтым задаволеная, і яна наўрад ці будзе задаволеная ў выпадку прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці, але паглядзіце, колькі людзей было забіта падчас ягонага кіравання, колькі тысяч беларусаў былі збітыя і зняважаныя на вуліцах гарадоў…», – сказаў Крыстафэр Сміт.

Зняцце з Алімпійскіх гульняў бягунні Крысціны Ціманоўскай, смерць кіраўніка Беларускага дому ва Украіне, міграцыйны крызіс на беларуска-літоўскай мяжы – гэтыя міжнародныя скандалы адбываюцца на фоне пагаршэння ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі. Таму аб’яднанне кангрэсменаў «Сябры Беларусі», створанае падчас візіту ў Вашынгтон Святланы Ціханоўскай, будзе дзейнічаць рашуча і папераджальна. У тым ліку звяртацца ў Міжнародны крымінальны суд.

«Гэта доўгая працэдура, але гэта вельмі важная працэдура, асабліва ў сённяшні час, калі прававыя інструменты не працуюць. Гэтыя інструменты даюць надзею грамадзянам Беларусі на тое, што злачынцы будуць пакараныя», – тлумачыць прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі.

На думку Сяргея Зікрацкага, самым важным у справе аднаўлення справядлівасці будзе пакаранне злачынцаў менавіта на тэрыторыі Беларусі і паводле беларускага заканадаўства. Маўляў, гэта стане магчымым, калі ўлада зменіцца. За межамі Беларусі Міжнародны трыбунал супраць рэжыму Лукашэнкі можа распачацца толькі на рашэнне Рады бяспекі ААН.

«Суд мусіць разглядзець канкрэтныя выпадкі, высветліць, хто канкрэтныя злачынствы здзяйсняў, хто даваў указанні гэтыя злачынствы здзяйсняць, і, адпаведна, гэтыя асобы будуць прыцягнутыя да адказнасці», – распавядае Сяргей Зікрацкі.

Другая ініцыятыва кангрэсменаў – не дапусціць, каб Беларусь атрымала спецыяльныя сродкі ад Міжнароднага валютнага фонду. Чальцы групы «Сябры Беларусі» мяркуюць, што ўлады Беларусі выкарыстаюць гэтыя грошы ў якасці кампенсацыі еўрапейскіх і амерыканскіх санкцыяў.

«Кангрэсмены ЗША звярнуліся да ўпаўнаважанага прадстаўніка ЗША ў МВФ, каб блакаваць доступ рэжыму Лукашэнкі да рахунку SDR Беларусі ў МВФ, – каб ЗША выкарысталі свой голас на карысць беларускага народу. Гэтая квота вызначаная для нашай краіны, пытанне толькі ў тым, пойдзе яна ў рукі Лукашэнка ці застанецца для новай дэмакратычнай Беларусі», – тлумачыць каардынатарка НАУ Алена Жываглод.

Замежнапалітычны крызіс Беларусі моцна пагоршыла пасадка самалёта «Ryanair» у Менску і наступнае затрыманне двух ягоных пасажыраў. Унутраны крызіс пачаў разгарацца летась падчас правядзення прэзідэнцкіх выбараў. Цягам года ў Беларусі завялі 4691 крымінальных справаў супраць удзельнікаў пратэстаў. Колькасць палітзняволеных дарасла да 610 чалавек. З пратэстамі і рэпрэсіямі праваабаронцы звязваюць смерці 8 чалавек. Разгромленыя дзясяткі рэдакцыяў незалежных медыяў, знішчаныя недзяржаўныя арганізацыі. Тысячы чалавек былі вымушаныя літаральна бегчы ад пераследу сілавікоў у іншыя краіны. У той час як патрабаванне апанентаў улады засталося нязменным: спыніць гвалт, выпусціць палітвязняў і правесці новыя сумленныя выбары.

Ірына Карніенка, «Белсат»