Мікалая Казлова пакаралі трыма месяцамі арышту


Вырак агучаны, але яшчэ не набыў законнай моцы. Дзесяць дзён, за якія можна абскардзіць рашэнне суда, старшыня АГП, сябра Каардынацыйнай рады Мікалай Казлоў застанецца на волі.

«Канечне, ніякага суда няма. Мы бачылі дзейнасць пэўнай купкі чыноўнікаў, якія атрымалі, гэта маё перакананне, указіўку зверху, што і як рабіць. І ўсё завершылася тым, чым і прагназавалася», – лічыць дырэктар Цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Вырак Мікалаю Казлову вынесла суддзя Ленінскага раёну Менску Таццяна Шоцік. Гэткім чынам яна поўнасцю задаволіла патрабаванне пракурора. Нягледзячы на пратэст падсуднага, працэс зрабілі закрытым. Як і разгляд справы Марыі Калеснікавай ды Максіма Знака, сябраў Каардынацыйнай рады. У залу не пусцілі нават бацьку Марыі.

«Чакаць і спадзявацца. Як напісана ў рамане Дзюма, «чакаць і спадзявацца». Ну і, канечне ж, мы з Машай вельмі духоўна і маральна звязаныя і са сваёй малодшай дачкой, таму ўсё гэта надае нам моцы перажыць гэтую сітуацыю. Перажыць разам, перажыць годна», – кажа бацька Марыі Калеснікавай Аляксандр Калеснікаў.

Сёння ж працягнуўся суд над палітзняволеным Сцяпанам Латыпавым. Палітвязень выступіў з моцнаю прамоваю:

«Я буду сядзець столькі, колькі асабіста захачу. Якую цану за гэта буду плаціць – іншае пытанне. Але вырашаць буду толькі я. Я буду вырашаць, працягнецца судовае паседжанне ці не. Я буду вырашаць, вярнуся я сёння з канвоем або з хуткай дапамогай. Гэта маё права. Гэта мая свабода. Самае балючае, што я з усіх сілаў спрабую ставіцца да яго як да прафесіянала, які перабывае ў вельмі няпростай сітуацыі. Але мне не ўдаецца. Я добра стаўлюся да хлопцаў з канвою».

Разгляд крымінальнай справы супраць Сцяпана хутка завершыцца. Апытаныя ўсе сведкі, цяпер праслухоўваць тэлефонныя размовы ды інтэрв’ю журналістам ТУТ.бай. Палітвязень ад допыту адмовіўся.

Надзея Бельская, «Белсат»