МАК скасаваў акрэдытацыю двух беларускіх трэнераў


Міжнародны алімпійскі камітэт скасаваў акрэдытацыю двух трэнераў беларускай каманды па лёгкай атлетыцы, якіх падазраюць у ціску на Крысціну Ціманоўскую.

«У інтарэсах дабрабыту спартоўцаў Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, якія ўсё яшчэ перабываюць у Токіа, і ў якасці часовай захады МАК адмяніў учора ўвечары акрэдытацыі двух трэнераў, спадара Артура Шумака і спадара Юрыя Маісевіча», – гаворыцца ў заяве Міжнароднага алімпійскага камітэту.

Трэнеры пакінулі Алімпійскую вёску праз некалькі дзён пасля таго, як загадалі Крысціне Ціманоўскай сабраць валізкі ды ехаць у аэрапорт. Прычынаю ціску стала тое, што 24-гадовая бягуння адмовілася выступаць не ў сваёй дысцыпліне і выказала ў сацсетках меркаванне пра трэнерскі штаб.

Акалічнасці справы і ролю ў ёй пазбаўленых акрэдытацыі трэнераў будзе высвятляць адмысловая камісія.

«Гэта вырашае дысцыплінарная камісія, разгляд справы працягваецца. Скасаваннем дзвюх акрэдытацыяў дысцыплінарная працэдура не закончылася. Яна працягваецца, і дысцыплінарная камісія прыме адпаведныя захады, санкцыі ды рашэнні», – паведаміў прэзідэнт міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах.

Сітуацыю з Крысцінай Ціманоўскай Томас Бах назваў прыкрай і падкрэсліў, што адна з задачаў Міжнароднага алімпійскага камітэту – абараняць спартоўцаў. Адказны за моладзевую палітыку і спорт у Нацыянальным антыкрызісным упраўленні Вадзім Крывашэеў рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэту лічыць правільным:

«Расследаванне яшчэ працягваецца, і мы перакананыя, што да адказнасці маюць прыцягнуць не толькі выканаўцаў злачынных загадаў рэжыму, але і функцыянераў, задзеяных на розных этапах гэтага ціску».

Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі адрэагаваў на выдаленне трэнераў афіцыйнай заявай, у якой падкрэсліваецца, што гэта часовыя захады, і гаворыцца пра шчыльную супрацу з Міжнародным алімпійскім камітэтам для высвятлення ўсіх акалічнасцяў прынятага рашэння.

«НАК Беларусі ў поўнай меры адстойвае і будзе далей абараняць інтарэсы ўсіх беларускіх атлетаў і трэнераў ад любых формаў дыскрымінацыі пры наяўнасці такіх», – заяўляе НАК.

Але сітуацыя з Крысцінай Ціманоўскай ды шэрагам іншых беларускіх спартоўцаў, што выступілі супраць рэжыму, гэтую заяву Нацыянальнага алімпійскага камітэту цалкам абвяргае.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»