«З першых дзён вайны ён стаў на абарону Украіны ад расейскай агрэсіі і быў ля вытокаў палка Каліноўскага»

Іван Марчук, больш вядомы як «Брэст». Адзін з найбольш пазнавальных байцоў палка Каліноўскага. 26-га чэрвеня ён кіраваў невялікай групай беларускіх байцоў, што ўступіла ў бой з расейцамі непадалёк Лісічанску.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Група нашых людзей была накіравана спыніць наступ ворага. Пад час выканання гэтай задачы ў іх адбыўся бой з расейцамі», – распавядае баец палка Каліноўскага Дзяніс «Кіт».

«Каліноўцы» супрацьстаялі вялікай групе расейскіх войскаў і бранятэхнікі. Некаторы час беларусам, у якіх былі толькі гранатамёты, удавалася стрымліваць націск расейцаў, падбіць мінімум адзін танк. Але сілы былі не роўныя. Іван «Брэст» Марчук атрымаў цяжкія раненні і загінуў.

«З першых дзён вайны ён стаў на абарону Украіны ад расейскай агрэсіі і быў ля вытокаў палка Каліноўскага. Мы яго ведалі як мужнага, рашучага і самаадданага чалавека. Які быў гатовы на ўсё за сваіх байцоў. Ён карыстаўся велізарным аўтарытэтам сярод байцоў. Быў сапраўдным сынам беларускай зямлі і верыў у будучыню свабоднай Беларусі», – распавядае прэсавы сакратар палка Хрысціна «Чабор».

Лёс яшчэ некалькіх беларускіх байцоў, што прымалі ўдзел у баях пад Лісічанскам, не вядомы. На дадзены момант іх лічаць зніклымі без вестак.

Дакладна вядома, што двое беларускіх добраахвотнікаў трапілі ў палон да акупацыйных расейскіх войскаў. Гэта Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў з пазыўным «Клешч».

Відэа з іхным удзелам апублікавалі расейскія тэлеграм-каналы.

«Мы заклікаем расейскі бок да выканання міжнародных нормаў права ў дачыненні да ўсіх ваеннапалонных і нагадваем, што ваенныя злачынствы не маюць тэрміну даўніны. Не гледзячы на тое, што яны скажуць пад прымусам. Мы ведаем, што яны героі і мы зробім усё каб іх выцягнуць», – кажа Хрысціна «Чабор».

У расейскіх тэлеграм-каналах палонных беларусаў называюць наймітамі і пагражаюць расстрэлам у так званай «ЛДНР». Беларускія праўладныя каналы намякаюць на выдачу «каліноўцаў» беларускім сілавікам.

«Сітуацыя цяжкая, бо ў іх беларускія пашпарты. Але яны прафесійныя вайскоўцы з кантрактамі з украінскім войскам, таму на іх мусяць распаўсюджвацца ўсе правілы абыходжання як з ваеннапалоннымі ў тым ліку і жэнеўская канвенцыя», – кажа прадстаўнік Офісу Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.

З пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі ва Украіне загінулі яшчэ шасцёра беларускіх добраахвотнікаў, якая ваявалі на ўкраінскім баку: Аляксей «Тур» Скобля, Ілля «Літвін» Хрэнаў, Зміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павел «Волат».

Алесь Баразенка. «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама