Арлоўскі: «Асобы, якія атрымалі беларускае грамадзянства, могуць яго страціць»


З клопатам аб дзяржаўнай бяспецы. У Савеце Рэспублікі, верным Аляксандру Лукашэнку, шукаюць новы спосаб паўплываць на дзеячаў апазіцыі за мяжой. Адмысловая камісія на чале з Наталляй Качанавай распрацоўвае законапраект, які б дазволіў пазбаўляць грамадзянства беларусаў, асуджаных за экстрэмізм, у тым ліку завочна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пазбавіць не толькі Радзімы, але і беларускага грамадзянства. «Экспертная рада» на чале з Наталляй Качанавай распачала новы рэпрэсіўны працэс у дачыненні беларусаў, якія жывуць за мяжой і нібыта датычныя да экстрэмісцкай дзейнасці.

«Тое, што цяпер адбываецца, – гэта яшчэ не гатовы праект, ён яшчэ не разглядаецца ў парламенце. Праект закону з’явіцца яшчэ праз некалькі месяцаў. Але, зразумела, што ўсё заканадаўства, якое прымаецца цяпер, мае рэпрэсіўны характар, яно накіраванае на запужванне, і юрыдычна магчыма ўсё. Таму што ніякія лагічныя нормы права даўно не працуюць», – мяркуе праваабаронца Наста Лойка.

Упершыню пра пазбаўленне беларускага грамадзянства загаварылі ў 2020 годзе. Ініцыятарамі прапановы выступілі беларускія сілавікі.

«Людзі, якія ўцяклі з нашай краіны, ненавідзяць яе і сёння працуюць у інтарэсах заходніх краінаў, не павінныя мець права звацца беларусамі… Асобы, якія атрымалі беларускае грамадзянства, могуць яго страціць, калі паводле судовага выраку яны будуць прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні шэрагу злачынстваў», – заявіў Вячаслаў Арлоўскі.

Пасля гэтага ў чэрвені 21-га года ў праект закону ўвялі норму аб магчымасці страты так званымі экстрэмістамі набытага грамадзянства Беларусі. Аднак гэтай меры для паплечнікаў Лукашэнкі, што прагнулі помсты, відаць, не хапіла.

«Гэтая норма цяпер будзе накіраваная не на тых людзей, якія ў Беларусі. Пагроза існуе для ўсіх, але ў першую чаргу яна будзе накіраваная на тых, хто застаецца за мяжой, якія працягваюць актыўную дзейнасць на карысць Беларусі», – мяркуе праваабаронца.

Напрыканцы чэрвеня Савет Рэспублікі ўхваліў завочныя суды над тымі беларусамі, якія цяпер за мяжой. Дакумент засталося падпісаць толькі Аляксандру Лукашэнку. Кіраўнік НАУ, Павел Латушка, на рахунку якога ажно 8 крымінальных справаў, мяркуе, што такія крокі рэжыму абумоўленыя страхам перад беларускім грамадствам.

«Узровень страху, які прысутнічае ў рэжыму, настолькі высокі, што ён выкарыстоўвае самыя моцныя інструменты барацьбы супраць беларускага грамадства. Гэта арышты, вялікія тэрміны пазбаўлення волі, гэта палітычныя зняволеныя, гэта патэнцыяльныя завочныя прысуды, гэта інструмент пазбаўлення грамадзянства. Бо ў нармальнай дзяржаве ідзе камунікацыя з грамадствам, з ім дыскутуюць, грамадства мае права выказваць сваю волю. Тут, каб задушыць гэтую волю, рэжым выкарыстоўвае самыя максімальныя інструменты падаўлення», – кажа кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Пазбаўленне грамадзянства – не выключна беларускае вынаходства. Такая карная мера была распаўсюджаная ў Савецкім Саюзе, а таксама ў Трэцім Райху, дзе за перыяд улады нацыянал-сацыялістаў 40 тысяч жыхароў Нямеччыны прымусова пазбавілі грамадзянства.

«Канешне, такія выпадкі існавалі – пазбаўлення грамадзянства. За 20-е стагоддзе найбольш вядомая – гэта нацысцкая Нямеччына, калі грамадзяне не маглі скарыстацца сваімі правамі: у першую чаргу – габрэі, і таксама палітычныя апаненты нацыстаў», – кажа гісторык Яўген Дудкін.

У Беларусі ў 2020 годзе налічвалася каля шасці тысяч чалавек без грамадзянства. Яны маюць складаны прававы статус: не могуць галасаваць, атрымліваць візаў, маюць абмежаваны доступ да адукацыйных і медычных паслуг. І пакуль шмат якія краіны свету выпраўляюць памылкі гісторыі і імкнуцца скараціць колькасць асобаў без грамадзянства, беларускі рэжым намагаецца павялічыць гэтую лічбу.

Наста Печанькова, «Белсат»