Прысуд Віктару Бабарыку: 14 гадоў турмы


У судзе Маскоўскага раёну Менску агучылі прысуд Віктару Бабарыку. Пракурор Сяргей Гіргель прасіў для экс-банкіра 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а суддзя Ігар Любавіцкі прызначыў 14. Таксама суд пастанавіў спагнаць з Бабарыкі 46 млн рублёў «у кошт пагашэння нанесенай шкоды» і штраф памерам 5 тысяч базавых. Арышт з ягонай маёмасці – дому, кватэры, аўтамабіля і надзелу – знялі.

«Я абсалютна ўпэўнены, што ні адзін з чальцоў Вярхоўнага Суда не ганарыцца гэтым выракам і сваёй працай. Праз нейкі час усе людзі, якія прыклалі руку да гэтага судзілішча, – ім будзе сорамна пра гэта ўзгадваць, яны будуць гэта хаваць», – каментуе сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Максім Баграцоў.

На абвяшчэнне выраку ў «справе «Белгазпрамбанку» сабралася шмат тых, хто хацеў падтрымаць Віктара Бабарыку. Традыцыйна ў будынак суда пусцілі не ўсіх. Адміністратары адыёзных дзяржаўных тэлеграм-каналаў прайшлі ў абыход вялізнай чаргі.

Побач з судом дзяжурылі аўтазакі. Міліцыянты праз мегафон прасілі людзей разысціся. Не абышлося без затрыманняў.

«Усё абвінавачанне будуецца на сведчаннях другіх асобаў, прычым гэта людзі, якія знаходзяцца ў зняволенні больш за год. То бок яны спачатку прыходзяць у СІЗА КДБ і адмаўляюць віну, кажуць, што няма ніякага складу злачынства, а пасля, як сказаў адзін з абвінавачаных, «вось я пасядзеў нейкі час, і тут я ўсвядоміў, што я парушаў закон», – узгадвае судовы працэс Максім Баграцоў.

Экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыку абвінавацілі ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам. Былы банкір сваёй віны не прызнаў. Разам з Бабарыкам судзілі сем топ-менеджараў «Белгазпрамбанку». Усе яны цалкам прызналі сваю віну і ўрэшце атрымалі меншыя тэрміны. «Справа «Белгазпрамбанку» разглядалася ў судзе найвышэйшай інстанцыі, таму вырак у ёй нельга абскардзіць у парадку апеляцыі.

«На нацыянальным узроўні нам дасяжная толькі падача скаргі ў парадку нагляду, бо вырак вынесены Вярхоўным Судом і ў апеляцыйным парадку абскарджанню не падлягае. На міжнародным узроўні мы падрыхтуем скаргу ў Камітэт правоў чалавека, у якой будзем ставіць пытанні пра парушэнні ягоных асноўных правоў, правоў Віктара Бабарыкі: права на свабоду, права на справядлівы суд, права на выражэнне меркаванняў і права быць абраным на дзяржаўную пасаду», – кажа пра будучыя планы адвакатка Віктара Бабарыкі Наталля Мацкевіч.

На прысуд Віктару Бабарыку адрэагавала Святлана Ціханоўская:

«Абсалютна відавочна, што гэта паказальны суд, але мы ўбачылі там за кратамі нашмат больш свабоднага чалавека, чым тыя людзі, якія прысуджалі яму гэтыя тэрміны. І мы разумеем, што Віктар Дзмітрыевіч не здрадзіў сваім ідэалам».

Паводле кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі, ні Віктар Бабарыка, ні іншыя палітвязні не будуць сядзець свае тэрміны цалкам. Амбасада ЗША назвала суд грубым фарсам. А што пра жорсткі прысуд думаюць простыя беларусы, мы запыталі на вуліцах Менску:

«Проста чалавек хацеў стаць прэзідэнтам, і за гэта яму далі 14 гадоў, гэта абсалютна несправядліва».

«Неяк мнагавата, увогуле несправядліва неяк, я не веру што ён здзейсніў такое».

«Упэўненая, на яго ціснулі і, упэўненая, ужывалі розныя спробы, і ён выстаяў».

«Людзі крадуць болей і атрымліваюць меней».

«Па-першае, гэта не суды, а судзілішча. Віна чалавека не даказаная, у прынцыпе віна ніводнага з ужо больш як 500 зняволеных не даказаная».

Шматгадовы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка вясною мінулага года сышоў з пасады, каб узяць удзел у выбарах прэзідэнта Беларусі. За ягонае вылучэнне сабралі больш за 400 тысяч подпісаў, але кандыдатам Бабарыку не зарэгістравалі. Зусім неўзабаве сілавікі затрымалі топ-менеджараў «Белгазпрамбанку» і самога Віктара Бабарыку з сынам Эдуардам.

«Умовы для вызвалення, якія маглі б быць для Віктара Бабарыкі, – яны насамрэч вельмі жахлівыя, і я думаю, немагчымая ніякія ўгода. Зважаючы на тое, што Віктар Бабарыка застаецца самым папулярным палітыкам у Беларусі і Аляксандр Лукашэнка проста не можа выпусціць свайго галоўнага канкурэнта з няволі», – адзначае заснавальнік «Цэнтру новых ідэяў» Рыгор Астапеня.

У сваім апошнім слове Віктар Бабарыка казаў, што не здзяйсняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў і яму не сорамна перад дзецьмі, калегамі і паплечнікамі.

Ірына Карніенка, «Белсат»