«Галоўнае не шкодзіць». Як у Беларусі вядуць улік чорнага бусла


Чорны бусел – птушка ў Беларусі рэдкая. З 1981 года гэты від занесены ў Чырвоную кнігу і застаецца пад аховаю дзяржавы. Не трапляецца ён на вочы яшчэ і таму, што, у адрозненне ад белага бусла, у якасці месцаў гнездавання выбірае гушчары пры балотах і цяжкадаступныя вільготныя лясы.

Добра ведаюць пра чорнага бусла супрацоўнікі лабараторыі арніталогіі Навукова-практычнага цэнтру Нацыянальнай акадэміі навук па біярэсурсах. Спецыялісты распрацавалі аўтарскую методыку пошуку і ўліку птушак: пачынаюць вывучэнне папуляцыі з красавіка, калі птушкі фармуюць пары, і заканчваюць увосень, аглядаючы пэўныя тэрыторыі на наяўнасць гнёздаў. На наступны год спецыялісты вяртаюцца да іх, каб акальцаваць маладняк.

«Найперш для індывідуальнай ідэнтыфікацыі птушкі. Каб адрозніваць кожную птушку, напрыклад, на камеры-пастцы, і не ведаеце, што за яна. Калі ў яе ёсць кальцо: вы ведаеце, адкуль гэтая птушка, яе ўзрост і ўсе астатнія параметры», – тлумачыць малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі арніталогіі Павел.

Сам працэс кальцавання вымагае не толькі фізічнай падрыхтоўкі ў спецыялістаў, каб дабрацца да цяжкадаступнага гнязда, але і адмысловых навыкаў, каб не нанесці птушанятам шкоды. Бо ў стрэсе маладыя птушкі могуць выскачыць з гнязда і, не ўмеючы лётаць, – разбіцца.

«Давялося некалькі разоў спускацца ніжэй, каб птушаняты супакоіліся. Затым я разумеў, калі адно птушанё ўжо знізу і яго кальцуюць, то яго трэба будзе вяртаць, а гэта зноў жа турбаванне тых, хто сядзіць. І таму прыняў рашэнне наверсе, што найлепей залезці з іншага боку, хоць гэта было складана фізічна і тэхнічна зрабіць, але залезці і прыбраць тое птушаня, якое сядзела на краі», – распавядае выпускнік біяфаку Максім, валанцёр-альпініст.

Задача ўскладняецца яшчэ і тым, што птушкі, вядома, не ўзрадуюцца чужынцам.

«Вельмі актыўныя, гэтыя птушаняты, напэўна, мяне пакусалі сумарна больш, чым усе птушаняты, якія дагэтуль былі. Вельмі кусачыя, і кусаліся моцна», – падкрэслівае хлопец.

З гэтых жа прычынаў працы на зямлі праводзяцца спецыялістамі хутка: замяраюцца асноўныя параметры: памеры крылаў, дзюбы і вага, на лапы чапляюць два кальцы. І птушанят вяртаюць у натуральнае асяроддзе, а месца гнездавання як мага хутчэй пакідаюць. Людзям без досведу турбаваць птушак забараняецца.

«Калі від пад аховаю, груба кажучы, чырвонакніжны, то так, чалавека можна прыцягнуць да адказнасці за тое, што ён турбуе птушак у гнездавы перыяд. Існуе такое негалоснае правіла, што забаронена здымаць птушак на гнёздах», – зазначае Павел, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі арніталогіі.

У апошнія гады адмыслоўцы з жалем адзначаюць колькаснае скарачэнне папуляцыі чорнага бусла. Прычынамі таму становяцца натуральныя ворагі птушак – арланы-белахвосты, браканьерства ў краінах міграцыі буслоў, а таксама высечка старых лясоў. Таму, калі вы натрапілі на гняздо чорнага бусла, варта паведаміць у раённую інспекцыю Камітэту прыродных рэсурсаў, каб тэрыторыю ўзялі пад ахову.

Марыля Дакуцька, «Белсат»