Галоўнае – дапамога беларусам


«Паколькі Аляксандр Лукашэнка самаўхіліўся ад удзелу ў праграме «Усходняе партнёрства», беларускі народ на саміце могуць рэпрэзентаваць дэмакратычныя сілы», – аб гэтым Святлана Ціханоўская заявіла падчас сустрэчы са старшынём Еўрапейскай рады Шарлем Мішэлем.

Заява афіцыйнага Менску аб выхадзе з «Усходняга партнёрства» – гэта пазіцыя рэжыму, але Еўропе важна падтрымаць саміх беларусаў, заявіў кіраўнік Еўрапейскай рады Шарль Мішэль падчас наведвання аб’ектаў на літоўска-беларускай мяжы.

«Нават калі Беларусь прыняла рашэнне прыпыніць удзел ва «Усходнім партнёрстве», для нас важна аказаць канкрэтнае падтрыманне людзям. Вось чаму санкцыі, якія мы прынялі, накіраваныя на тое, каб правесці адрозненне паміж, з аднаго боку, рэжымам, а з другога – насельніцтвам», – падкрэсліў Шарль Мішэль.

Наступная сустрэча з офісам Святланы Ціханоўскай. Напярэдадні Літва надала яму афіцыйны дыпламатычны статус. У адказ МЗС Беларусі скараціў да мінімуму штат літоўскай амбасады.

Пытанне ўдзелу ва «Усходнім партнёрстве» – адно з цэнтральных. Святлана Ціханоўская запрапанавала, каб дэмакратычныя сілы рэпрэзентавалі Беларусь на наступным саміце.

«Шарль Мішэль дастаткова паінфармаваны аб сітуацыі і выказаў абсалютнае падтрыманне нам. Нам галоўнае зараз каардынавацца наконт гэтага падтрымання, і што Еўразвяз будзе дзеяць згодна са сваім планам. Ціск на рэжым, падтрыманне грамадзянскай супольнасці», – адзначыла Святлана Ціханоўская.

«Мы настойвалі на тым, што гэта ініцыятыва не толькі для дзяржавы, не толькі для рэжыму, але і для беларусаў. І выхад Беларусі з «Усходняга партнёрства» будзе шкодзіць інтарэсам людзей, і такое меркаванне найшло водгук у нашых еўрапейскіх партнёраў», – падкрэсліў Валерый Кавалеўскі, кіраўнік кабінету Святланы Ціханоўскай.

На сустрэчы абмяркоўвалася пытанне еўрапейскіх санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Святлана Ціханоўская адзначыла, што вельмі важна, каб да санкцыяў далучылася Украіна, а сам Еўразвяз зрабіў так, каб рэжым не мог іх абыходзіць.

Ігар Станкевіч, «Белсат»