Еўропа разам супраць парушальнікаў мяжы

Міграцыйны крызіс на беларуска-літоўскай мяжы – агульная праблема Еўропы і вырашаць яе Еўразвяз будзе агульнымі намаганнямі. Сёння старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль разам з прэм’ер-міністрам Літвы Інгрыдай Шыманіце наведаў памежны Мядзінінкай.

«Літоўскія межы – гэта еўрапейскія межы. Вось чаму для мяне было так важна прыехаць сюды, каб зразумець, у якой мы сітуацыі, якія патрэбы, што магчыма для Еўрапейскага Звязу, каб аказаць падтрыманне Літве. Я таксама хацеў бы сказаць, што некалькі тыдняў таму мы прынялі рашэнне ўвесці санкцыі супраць Беларусі, і за намі ўслед рушыла Злучанае Каралеўства, а таксама Злучаныя Штаты. Гэта азначае, што мы змагаемся за тое, каб прасоўваць нашыя фундаментальныя каштоўнасці», – заявіў Шарль Мішэль.

Прэмʼер-міністр Літвы зазначыла, што Еўразвяз ужо зрабіў шэраг крокаў дзеля ўрэгулявання праблемы, але сітуацыя надалей застаецца напружанай і патрабуе далейшай рэакцыі.

«У нас ужо ёсць падтрыманне з боку працаўнікоў «Frontex» і працаўнікоў у справе прытулку, якія вельмі дапамагаюць у паўсядзённым кіраванні сітуацыяй. Але мы ўсе ведаем, што нам трэба больш інфраструктуры, у якую ўрад гатовы інвеставаць і будаваць, але мы таксама абмяркоўваем з інстытутамі Еўрапейскага Звязу патэнцыйную долю фінансавага цяжару», – кажа Ігрыда Шыманіце.

Падчас супольнага агляду літоўска-беларускай мяжы палітыкі таксама адзначылі важнасць кантактаў з краінамі, з якіх прыбываюць мігранты. Еўразвяз будзе намагацца наладзіць працэс іхнага вяртання.

Шарль Мішэль зазначыў, што спрыянне нелегальнай міграцыі фактычна сталася афіцыйнай пазіцыяй уладаў Беларусі. Такія дзеянні не застануцца без рэакцыі з боку Еўропы – запэўніў Мішэль:

«Сапраўды, ёсць падазрэнне, што беларускі рэжым адыгрывае пэўную ролю, і мы ў Еўропе не наіўныя. Нас таксама гэта не палохае. Вось чаму мы прынялі рашэнні, а таксама эканамічныя санкцыі, якія рэалізуюцца. Мы пастанавілі дзеяць вельмі хутка, калі некалькі тыдняў таму была пяройдзеная яшчэ адна чырвоная лінія ў сувязі з захопам самалёта».

Што ж да Лукашэнкі, на сённяшняй сустрэчы з міністрамі ён чарговы раз паабяцаў больш не спыняць міграцыйнай плыні ў Еўропу з беларускага боку.

За апошнія содні літоўскія памежнікі затрымалі 131-го нелегальнага мігранта, якія трапілі ў Літву з тэрыторыі Беларусі. Ад пачатку года іхная агульная колькасць дасягнула 1363 асобаў, што амаль у 17 разоў перавышае паказнік за ўвесь мінулы год. Значнае павелічэнне плыні нелегальнай міграцыі зазнае і Польшча. Там за содні затрымалі 40 чалавек. Еўрапейскія палітыкі называюць наплыў мігрантаў помстаю афіцыйнага Менску за агульную пазіцыю Еўразвязу наконт сітуацыі ў Беларусі.

Алесь Баразенка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама