«Не магу я спяваць пра жыццё ў кайф, калі штодня гэтыя жыцці адбіраюцца»


Антываенная песня «Свой дом» Макса Каржа трапіла ў трэнды беларускага Youtube і ў топ самых папулярных трэкаў сярод украінскіх слухачоў у сервісе Apple music. За два дні толькі ў Youtube песню праслухалі больш чым паўтара мільёна разоў. У каментарах прыхільнікі Каржа пішуць, што з нецярпеннем чакалі ягонай творчай рэакцыі на вайну. Ёсць, аднак, і тыя, хто зразумеў словы песні па-свойму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Фактычна Корж спявае правільныя рэчы, мае рацыю той, хто абараняе свой дом – і гэтая праўда за ЛДНР, яны абараняюць свой дом ад Украіны», – так пракаментаваў трэк карыстальнік пад нікам DiGi.

Дваццаць чацвёртага лютага, у дзень, калі ў Кіеў прыляцелі першыя ракеты, Макс Корж падтрымаў Украіну. У сваім «Інстаграме» ён напісаў, што «асуджае ўварванне і бамбаванне суверэннай дзяржавы». Гэтым жа пастом заканчваецца відэа на песню «Свой дом».

Фанаты назвалі гэты трэк самай моцнай работаю Каржа. Аднак заўважылі, што нягледзячы на антываенную песню, канцэртаў у Расеі выканаўца не скасаваў. Асабліва актыўна ўзарвалася расейская прэса і грамадскія дзеячы. Напрыклад, Міхаіл Шахназараў заклікаў забараніць выканаўцу заезд у Расею.

«Нават украінцы незадаволеныя ягонымі будучымі канцэртамі ў Расеі. Ну, а тут нехта плануе даць куміру моладзі “Газпром Арэну” і стадыён “Спартак”. Каб гэта дазволіць, трэба быць апошнімі дэбіламі. Забарона на заезд, і няхай едзе вымольваць прабачэнне ва Украіне і зарабляць у Польшчы», – напісаў расейскі журналіст Міхаіл Шахназараў.

Сёння стала вядома, што выканаўца скасаваў канцэртны тур па Расеі, які неаднаразова пераносіўся праз пандэмію. «Не магу я спяваць пра жыццё ў кайф, калі штодня гэтыя жыцці адбіраюцца», напісаў Корж у сваім «Інстаграме».

Ніка Несцярэнка, «Белсат»