Беларускія рэжысёры пачалі здымаць сваё кіно пры дапамозе польскіх кінашколаў


Шэсць беларускіх рэжысёраў пачалі рабіць сваё кіно пры дапамозе польскіх кінашколаў – у час, калі здымаць незалежнае кіно ў самой Беларусі амаль немагчыма. Гэта гісторыі пра хатні гвалт, канфлікты ў сям’і праз падзеі 2020-га года ці стасункі паміж беларусамі і ўкраінцамі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Варшаўская Школа Вайды і Гдыньская кінашкола дапамагаюць аўтарам развіваць праекты. Зрэшты, ці паўстануць яны як завершаныя фільмы, калі на міжнародных пляцоўках Беларусь успрымаецца як краіна-агрэсар, – яшчэ пытанне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Калі беларускае незалежнае кіно стала немагчымым у Беларусі, яго падтрымалі ў Польшчы. Варшаўская Школа Вайды ў супрацы з Гдыньскай кінашколай стварыла адукацыйную праграму «Film Bridge – Belarus». Яны запрасілі да сябе беларускіх рэжысёраў, каб тыя маглі зрэалізаваць свае праекты.

«Ідэя была ў тым, каб дапамагчы такім чынам, якім можам. А якім мы можам? – праз развіццё праектаў. Мы выбралі шэсць асобаў, якія падаліся нам найцікавейшымі, каб развіваць іхныя праекты, раіць, у які бок, як нам падаецца, яны мусяць развівацца, і дапамагчы ім сказаць тое, што яны хочуць сказаць» – кажа стваральнік праекту «Film Bridge – Belarus» і кіраўнік Школы Вайды Філіп Марчэўскі.

Сярод адабраных – гісторыі пра эміграцыю, канфлікты ў сям’і праз пратэсты ў Беларусі або крутыя перамены праз вайну ва Украіне. Праект пад назваю «Гэта наш сакрэт» мае стаць драматычным трылерам пра сексуальны гвалт у сям’і. Аўтары пачалі ствараць сцэнар чатыры гады таму, але ён добра ўпісаўся ў беларускую рэчаіснасць пасля дваццатага года.

Як тлумачыць суаўтар сцэнару «Гэта наш сакрэт» Андрэй Кашперскі, «тэмы хатняга гвалту, закладзеныя ў гэтым сцэнарыі, яны цяпер сапраўды могуць быць пераведзеныя на агульную сітуацыю, што адбываецца ў Беларусі, што адбываецца з боку ўлады».

Выкладчыкі Школы Вайды ўжо працавалі з праектамі беларускіх аўтараў, і не толькі ў самой школе. Некалькі гадоў таму на запрашэнне ўжо зліквідаванай Майстэрні сацыяльнага кіно Філіп Марчэўскі і Дэніял Хасанавіч чатыры дні разбіралі сцэнары нашых рэжысёраў.

«Тады – гэта быў 2019 год, калі мы прыязджалі ў Менск, – у большасці гэта былі жанравыя праекты, вельмі часта антыўтопіі, навуковая фантастыка – такога кшталту рэчы, – успамінае Дэніял Хасанавіч. – Цяпер яны нашмат больш сфакусаваныя на сучасных праблемах».

Максіма Буйніцкага запрасілі на навучанне ў «Film Bridge» акурат з карцінай пра падзеі 2020 года ў Беларусі. Зрэшты, пасля пачатку вайны ва Украіне ён цалкам перарабіў свой праект: калегі, беларус і ўкраінка, ідуць на спатканне пасля таго, як Расея ўварвалася ва Украіну.

«Гісторыя, што адбываецца ў адзін вечар паміж дваімі людзьмі, пачынаецца з такіх агульных пытанняў, калі яны не бачаць адно аднаго як чалавека і асобу, а закідаюць адно аднаму глабальныя пытанні, на якія ніхто хіба не мае адказаў», – расказвае аўтар праекту «Спаткаймася ўвечары» Максім Буйніцкі.

Навучанне, разлічанае на сем месяцаў, амаль завершанае. Вынікам маюць стаць гатовы дакументальны фільм, а таксама дапрацаваны праект і сцэна з ігравога фільму, з якімі аўтары змогуць шукаць фінансаванне. Але ці ёсць у стужак, над якімі аўтары працавалі на «Film Bridge», будучыня?

«У гэты момант вялікай праблемай ёсць чыста палітычная праблема, – кажа Філіп Марчэўскі, – расейцы і беларусы кінутыя ў адзін мех і ўсе кажуць: “Не-не-не, мы не хочам, яны агрэсары”. Якраз гэтыя людзі не ёсць агрэсарамі, частка з іх зазнала пераслед, але праз беларускае паходжанне ў гэты момант ім, бадай, будзе цяжка».

Тут жа Філіп Марчэўскі дадае, што пройдзе трохі часу і вызначальным, ёсць надзея, будзе не пашпарт, а тое, што ты маеш сказаць свету.

Ірэна Кацяловіч, «Белсат»