Вайна Лукашэнкі: выйшла новае расследаванне «BYPOL»


Па Беларусі ездзіць бронетэхніка і сістэмы залпавага агню пад чырвона-зялёнымі сцягамі, перасоўваюцца вайскоўцы з баявой зброяй. Ці значыць гэта, што беларускія войскі рыхтуюць да ўварвання ва Украіну? Аб’яднанне былых сілавікоў «BYPOL» пакуль не мае пацверджання такой пагрозе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы штодня непасрэдна ад вайскоўцаў, якія сталі ўдзельнікамі плану “Перамога”, атрымліваем аператыўную інфармацыю пра тое, што адбываецца ва Ўзброеных сілах РБ, якія працэсы ідуць, і як Узброеныя Сілы задзеяныя», – распавёў «Белсату» прадстаўнік «BYPOL» Алег Талерчык.

Але менавіта інфармацыя ад беларускіх вайскоўцаў, перададзеная практычна з падполля, дазволіла «байполаўцам» правесці расследаванне аб саўдзеле Аляксандра Лукашэнкі ў нападзе Расеі на Украіну.

«Усе калоны расейскай тэхнікі суправаджалі экіпажы мясцовай ДАІ. Адначасова КДБ высочваў усіх, хто фатаграфаваў тэхніку, або меў смеласць выказвацца супраць знаходжання акупацыйных войскаў на нашай тэрыторыі», – распавёў у відэа «байполавец» Аляксандр Азараў.

Расследаванне пад назвай «Як Лукашэнка забіваў украінцаў» паказвае падзеі ад пачатку самых засакрэчаных і самых маштабных вучэнняў «Саюзная рашучасць». Напрыканцы лютага расейцы нібыта пачалі адводзіць войскі.

«Насамрэч адбывалася перагрупоўка войскаў і сцягванне іх бліжэй да дзяржаўнай мяжы Украіны».

Правакацыі Расеі, у якіх прымаў удзел рэжым Лукашэнкі, перадыслакацыя войскаў да ўкраінскіх межаў.

«На вайсковых складах прыхавана сталі здымаць з кансервацыі беларуская вайсковая тэхніка, у ваенкаматах сталі адбывацца мерапрыемствы ў прыхаванай мабілізацыі. Зводныя атрады Сілаў спецаперацыяў таксама схавана высунуліся да мяжы з Украінай. Ужо 23 лютага канцэнтрацыя войскаў у Хойніках, Мазыры, Брагіне і Нароўлі была максімальная», – пералічвае Азараў.

І момант пачатку адкрытай фазы вайны. Усе запускі ракет і ўзлёты самалётаў з беларускай тэрыторыі зафіксаваныя дакументальна.

«Мазырскі раён, вёска Прудок, Калінкавіцкі раён, вёска Сырад. Менавіта там былі ракетныя комплексы “Іскандэр” і комплексы ПВО С-300. І менавіта з тых пазіцыяў наносілі ўдары па Украіне пуцінскія оркі», – тлумачаць «байполаўцы».

«Байполаўцы» палічылі вайсковую тэхніку Расеі, дастаўленыя ў Беларусь боепрыпасы і нават паліва, якім Лукашэнка загадаў запраўляць расейскія танкі і грузавікі.

«Адказным за пастаўку паліва расейцам, а адпаведна, і саўдзельнікам ваенных злачынстваў зʼяўляецца дырэктар Мазырскага НПЗ Віталій Паўлаў», – нагадвае Азараў.

Гэта беларускія салдаты тэрміновай службы, якім загадалі ахоўваць тылы акупантаў на беларускай тэрыторыі. «Байпол» вызначыў іх асобы.

«Паводле галоўнага лекара Мазырскай гарадской больніцы Наталлі Цішковай з лекараў і медперсаналу бралі падпіскі аб неразгалошванні. Больніцы з параненымі пуцінскімі оркамі пачалі ахоўваць карнікі з беларускага МУС… Любыя праявы салідарнасці з украінскім народам, ці то антываенныя ці антыакупацыйныя лозунгі, ці жоўта-блакітныя стужачкі, адразу становяцца прычынай брутальных затрыманняў нашых гераічных суграмадзянаў», – прыгадваюць былыя сілавікі, якія яшчэ ў 2020-м адмовіліся выконваць злачынныя загады Лукашэнкі.

Насуперак рэпрэсіям, беларусы супраціўляліся неабвешчанай акупацыі.

«Удзельнікі плану “Перамога” і іншыя беларускія партызаны правялі каля 80 акцыяў на чыгунцы, якія спярша істотна запаволілі, а потым і цалкам спынілі перасоўванне расейскіх войскаў па беларускіх рэйках», – падкрэслівае Аляксандр Азараў.

Лукашэнка заўжды казаў пра сябе, як пра гаранта міру.

«Беларусь ніколі не будзе пляцоўкай для атакі на любую дзяржаву. Ніколі! Мы выканалі сваё абяцанне? Выканалі», – заяўляў Лукашэнка падчас выбараў 2015.

А цяпер ён сам прызнаўся, што ўцягнуў нашую дзяржаву ў расейскую агрэсію. Памятаеце гэтыя перамовы з Пуціным?

«Калі б за 6 гадзін да аперацыі не быў нанесены прэвентыўны ўдар па пазіцыях (чатыры пазіцыі, я зараз карту пакажу, я прынёс), яны б атакавалі нашыя войскі Беларусі і Расеі», – прамаўляў Лукашэнка перад Пуціным 11 сакавіка.

У апошнім інтэрвʼю агенцтву «Associated Press» Лукашэнка заявіў, што беларускія войскі пры дапамозе расейскіх нанеслі ўдары па пазіцыях украінскіх вайскоўцаў:

«Украінцы каля беларускай мяжы размясцілі ўкраінскія тактычныя ракетныя комплексы “Точка-У”. Для нанясення ўдараў па Беларусі. Нашае шчасце, што там яшчэ заставаліся пасля вучэнняў войскі. Расейцы гэта адсачылі і дапамаглі нам ударыць па гэтых чатырох пазіцыях. Літаральна за паўгадзіны да гэтай аперацыі. І частка войскаў сапраўды прайшла на поўдзень з Беларусі ва Украіну».

«Гэтыя словы зʼяўляюцца фактычна прызнаннем у міжнародным злачынстве – удзеле ў акце агрэсіі супраць суверэннай дзяржавы, у вайне. Апроч таго што тэрыторыю прадставіў і паветраную прастору, што зʼяўляецца відавочным», – дае прававую ацэнку прадстаўнік «BYPOL» Алег Талерчык.

Паводле дыктатара, у бамбардаваннях украінскіх гарадоў вінаватыя самі ўкраінцы. Бо нібыта справакавалі Расею. Лукашэнка кажа пра эканамічныя правакацыі, прыгнёт расейскай мовы, і асабістыя абразы Пуціна.

Але беларускія грамадзяне не падтрымліваюць такой пазіцыі. Як паказала сацыялагічнае даследаванне праекту Chatham House, 40% беларусаў не падтрымліваюць дзеянні расейскай арміі на тэрыторыі Украіны. Нейкіх дабрабытаў ад расейскай вайны чакае толькі адзін з пяці апытаных беларусаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»