Звальняюць на згоду бакоў без згоды працаўнікоў


Людміла адпрацавала ў лагістычным аддзеле кандытарскай фабрыкі «Камунарка» 6 гадоў. У ейныя абавязкі ўваходзіла накіроўваць аўтамабілі з прадукцыяй у рэйсы па Беларусі. Праца была напружаная, адказная, але і цікавая.

«У выніку мне ў твар: 7788 – працаваць дыспетчарам. Я не зразумела. Тады ён называе прозвішча працаўніка і кажа: «У яе эканамічная адукацыя, у іншай – эканамічная адукацыя, Людміла – без адукацыі», – распавядае Людміла, звольненая з «Камунаркі».

На працу Людмілы дагэтуль нараканняў не было, не было і вымоваў, жанчына прайшла атэстацыю пасля сканчэння курсаў, у камісіі якой у тым ліку было кіраўніцтва прадпрыемства. Але працаўніцы прапанавалі разысціся на згоду бакоў. Неафіцыйнаю прычынаю гэтаму, паводле Людмілы, стаўся спіс затрыманых падчас мірных пратэстаў, што прыйшоў на фабрыку.

«Затрыманняў у мяне не было, ніякага арышту адміністратыўнага, сцягоў ніколі не развешвала, міліцыя да мяне не прыходзіла, міліцыя прэтэнзіяў ніякіх не выстаўляла. Як здагадка: калі сваякі, прыбіраюць праз іх, то, імаверна, тады праз сына», – мяркуе жанчына.

Сына Людмілы затрымалі ўночы 10 жніўня, моцна збілі. Чацвёра содняў яго пратрымалі ў Жодзінскай турме.

Марфея затрымлівалі двойчы – у канцы студзеня і ў сакавіку. Пасля першага выпадку дырэкцыя арганізацыі папярэдзіла хлопца, што другога шанцу застацца на працы яму не дадуць.

«Мяне выпусцілі 26 [сакавіка. – «Белсат»] і ўвечары я патэлефанаваў свайму начальніку, пасля – дырэктару. Мне сказалі, што да канца месяца я дапрацоўваю і на згоду бакоў мы развітваемся», – кажа Марфей, звольнены з дзяржаўнай арганізацыі.

Цяпер Марфей актыўна шукае працу, бо мусіць сплаціць буйны штраф. Праз суд ён намагаўся дабіцца растэрмінавання ў пагашэнні гэтае сумы, але яму адмовілі.

«Мне ўсё роўна, дзе цяпер працаваць, бо мне патрэбныя грошы, каб утрымліваць дзіця, плаціць за садок, усё ў гэткім духу», – зазначае Марфей.

Паводле Працоўнага кодэксу адміністратыўны арышт не можа лічыцца прагулам, адпаведна – не ёсць падставаю для звальнення. Аднак, як зазначае Ігар Комлік, рэгіянальны прадстаўнік прафзвязу РЭП у Менску і Менскай вобласці, працаўнікоў звальняюць у розных формах. Якая колькасць людзей пацярпела – невядома.

«Гэта каласальны лік, думаю, нават паводле артыкулаў, пэўна, ужо за 1000 перайшоў, не кажучы пра тых, каго ўгаворваюць звольніцца на згоду бакоў. Чаму зноў жа я не магу назваць дакладнага ліку звольненых паводле артыкулаў? Бо не ўсе людзі звяртаюцца да нас ці адвакатаў, каб ісці ў суд абараняць свае правы», – падкрэслівае Ігар Комлік, рэгіянальны прадстаўнік прафзвязу РЭП.

Абараніць жа сябе людзі могуць, калі будуць аб’ядноўвацца, патрабаваць выканання законаў ды апублічваць інфармацыю пра выпадкі іхнага звальнення.

Марыля Дакуцька, «Белсат»