Штраф 100 базавых за вечарыну ў лазні


Тры гады «хіміі» за некалькі ўдараў па відэакамеры вонкавага назірання – такі вырак вынес суддзя Максім Тарасевіч менчуку Яўгену Рапіну. Таксама Яўгена вінавацяць у спыненні грамадскага транспарту 4-ага кастрычніка – з асобным пазовам у суд Першамайскага раёну звярнуўся «Менсктранс». Ён патрабуе спагнаць з Яўгена 18 тысячаў 624 рублі. У сям’і асуджанага – трое няпоўнагадовых дзяцей.

«Выплочваць буду, як буду працаваць на «хіміі» гэтыя 3 гады. Адтуль будуць вылічваць, ну я падлічыў – за месяц 500, 600 рублёў», – кажа Яўген Рапін.

У судзе Партызанскага раёну пачалі разгляд крымінальнай справы за злоснае хуліганства, абвінавачаныя Дзіяна Казак і Зміцер Каратун. У ноч на 6-га лютага маладзёны нанеслі на сцяну трансфарматарнай будкі малюнак у выглядзе трох сімвалаў: сэрца, кулак і вікторыя. Дзіяну і Змітра затрымалі. Спачатку пакаралі арыштам паводле адміністратыўнага артыкулу, а пазней высветлілася, што сваімі дзеяннямі яны нанеслі шкоду на суму… 32 рублі 90 капеек. І Дзіяна і Зміцер пацвердзілі факт нанясення графіці, але віну не прызналі.

«Мы нанеслі малюнкі, бо хацелі, каб усе бачылі, што нас вельмі многа, што мы адзін народ і ніхто не мае права нас падзяляць. І ніхто не мае права караць нас за тое, што мы хочам праўды, справядлівасці якой-небудзь», – кажа Дзіяна Казак.

«Псіхалагічна, маральна задавіць народ, пазбавіць яго ўласнага меркавання. Я лічу, проста калі сказаць, што гэта бязмежжа, проста генацыд народу», – лічыць дзед Діяны Казак Сяргей Федаровіч.

У Жодзіне працягваюцца суды за вечарыну ў лазні. 24 красавіка амапаўцы ўварваліся на тэрыторыю прыватнай лазні і затрымалі там 22 чалавекі. На людзей склалі пратаколы – нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

«Адразу сказалі, што на месцы распавядуць, пасля сказалі – паступіў званок, што банда наркаманаў ужывае наркотыкі, а пасля ўжо спусцілі на іншы паверх і сказалі, што несанкцыянаванае масавае мерапрыемства з сімволікай», – каментуе затрыманая ў лазні Наталля Сацукевіч.

«Канешне, сцяг яны разаслалі самі, бо калі нас затрымлівалі, ніякіх сцягоў, нічога бела-чырвонага колеру не было», – дадае Вольга Аляксеева.

У судзе абвінавачаныя падавалі хадайніцтвы даследаваць відэа моманту іхнага затрымання. Начальнік Жодзінскага ГАУС відэафайлаў у суд не прадставіў, маўляў, яны пашкоджаныя. Такім чынам, адзіны доказ нібыта віны затрыманых у лазні – рапарт міліцыянта. Суды над часткай жодзінцаў адбыліся яшчэ 27 красавіка – 9 чалавек атрымалі ад 15-ці да 25-ці содняў. Сёння ж Жодзінскі суд пакараў яшчэ 3 удзельнікаў вечарыны ў лазні штрафамі 100 базавых кожнаму.

«Кожны супрацоўнік гэтай сістэмы, ён цяпер ладзіць вось гэтае беззаконне, кожны з іх кажа, што я раблю сваю працу, піша нейкія літаркі. Суд чытае гэтыя літаркі, і нас судзяць на 200 базавых – дзе іх знайсці, калі мужа хутчэй за ўсё звольняць з працы. І ў нас шматдзетная сям’я», – выказваецца затрыманая ў лазні Наталля Бяляцкая.

У Гомлі распачаўся разгляд ужо другой крымінальнай справы за замену чырвона-зялёнага сцяга на бел-чырвона-белы 16-га жніўня на флагштоку на плошчы Леніна. Дзеянне падвялі пад 339-ты артыкул Крымінальнага кодэксу – злоснае хуліганства. На лаве падсудных – 23 гадовы інжынер-электрык Кірыл Брыг. Ён цалкам прызнаў віну.

«Гэтая справа максімум цягнула б на адміністратыўнае парушэнне, але цяпер усё гэта падшыта на палітыку», – каментуе валанцёр Ілля Міронаў.

Паўтара года хатняй хіміі за рэпост у «Тэлеграме«. Такое пакаранне нібыта за «»паклёп» на міліцыянта агучыў суд Пружанскага раёну ў дачыненні Людмілы Цараны. Абвінавачаная віны не прызнала і адмовілася сведчыць у судзе. Згодна з выракам Людміла павінна выплаціць пацярпеламу Сяргею Уроднічу кампенсацыю маральных стратаў памерам 1000 рублёў.

Ірына Карніенка, Белсат