Праскочыць на чырвонае. У Гомлі развіталіся з 6-гадоваю Ульянай


У Гомлі развіталіся з дзяўчынкаю, якая пазаўчора загінула ў выніку дарожна-транспартавага здарэння. Ульянцы было ўсяго шэсць. Яна стаяла на тратуары і чакала, калі запаліцца зялёнае святло для пешаходаў. Гібель малышкі выклікала дыскусію наконт адказнасці за трагедыю. Гамельчукі сцвярджаюць, што ёсць віна не толькі кіроўцы, але і гарадскіх уладаў.

Праз два дні пасля ДТЗ на вуліцы Савецкай у Гомлі развіталіся з 6-гадоваю Ульянкай, якая сталася ахвяраю трагедыі. Жанчына з іхнага двару ўзгадвае:

«Асабліва пасля садка ці ў выходныя каталіся тут на арэлях – хлопчык і дзяўчынка. Потым мама прыходзіла. У мамы цэрэбральны параліч, таму бабуля ёй заўжды дапамагала. Добрая сям’я, разумееце…»

На апублікаваным органамі відэа бачым, як 4 траўня жанчына і двое дзяцей стаяць ля перахода праз Савецкую. Пасля змены святла пачынаюць рух. У гэты момант Citroen вылятае на скрыжаванне на чырвонае святло і сутыкаецца з Nissan-ам, які паварочвае з вуліцы Сялянскай.

Дзяўчынка не выжыла. Ейны брат Кірыл і бабуля цудам засталіся жывыя. Мінак кажа:

«Пасля прагляду відэа, бо я паглядзеў, пацікавіўся, мяркую, што віна за кіроўцам, які ехаў прама, на чырвонае святло, якое толькі запалілася. На мой погляд відавочна, што ён хацеў праскочыць скрыжаванне».

Супраць 19-гадовага кіроўцы, пад коламі якога загінула дзіця, завялі справу паводле ч. 2 арт. 317 КК за парушэнне правілаў дарожнага руху, якое прывяло да гібелі або цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Адказнасць – да 5 гадоў калоніі. Праблема не толькі ў правілах руху, кажуць гамельчукі:

«Гэта асноўная вуліца для шпацыру. Савецкая – гэта наш «Неўскі», наш «Крэшчацік», таму тут мае быць абмежаванне 40 км/г».

«Тут ніякіх няма агароджаў. Любое сутыкненне і машыну выносіць на ходнік – на людзей. Таму тут віна кіроўцы – у першую чаргу, а па-другое, пэўна, уладаў, бо няма агароджы».

Гэтым разам людзі просяць Гомельскі гарвыканкам і Упраўленне Дзяржаўтаінспекцыі аблвыканкаму прыняць захады.

Суседка працягвае:

«Трэба нешта прадумаць з гэтым скрыжаваннем. Тут столькі людзей траплялі ў аварыі. Столькі людзей загінулі».

Петыцыя нумар 4875 на платформе petitions.by на момант выхаду матэрыялу сабрала без малога тысячу галасоў за наладжванне бяспечнага руху і ўсталяванне паркавальных слупоў уздоўж дарогі, якую некалькі гадоў таму пашырылі і добраўпарадкавалі.

Дзяніс Кобрусеў з ініцыятывы «Горад для гараджан» і колішні кіраўнік Гомельграмадзянпраекту дае рэцэпт на дарожную бяспеку ў цэнтры гораду:

«З гістарычнага цэнтру гораду трэба выводзіць транспартныя плыні і падладжваць інфраструктуру, каб была выгоднаю пешаходам. Перадусім трэба стварыць для кіроўцаў нязручныя ўмовы ў цэнтры гораду – гэта менш парковак і больш дрэваў. Шырэйшыя тратуары і замаруджванне руху па дарогах».

Пра гібель дзіцяці ля гэтага месца яшчэ доўга будуць нагадваць кветкі і знічы і плюшавыя цацкі. Усім хочацца, каб на Савецкай гэта быў апошні стыхійны мемарыял загінулай у ДТЗ асобе.

Юлія Цяльпук, «Белсат»