Лукашэнка супраць афіцэраў


Учора афіцэры, а сёння – цывільныя асобы. Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі апублікаваў спіс былых вайскоўцаў, следчых і міліцыянтаў, якіх Лукашэнка пазбавіў воінскіх і спецыяльных званняў па палітычных прычынах. Усяго разжалавалі 86 былых сілавікоў. Іх пазбавілі званняў, а значыць і адпаведных пенсіяў. Нягледзячы на гэта самыя афіцэры лічаць гонарам патрапіць у чорны спіс Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб пазбаўленні вайсковых і спецыяльных званняў сваіх праціўнікаў пазаўчора. Сёння сталі вядомыя прозвішчы: 86 афіцэраў, ад палкоўніка да старэйшага сяржанта, хто ў запасе, хто ў адстаўцы. Званняў іх пазбавілі за тое, што падчас абвастрэння грамадска-палітычнай абстаноўкі яны нагняталі пратэставыя настроі, удзельнічалі ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, выступалі з абразамі і абвінавачаннямі працаўнікоў праваахоўных органаў. Прасцей кажучы, за тое, што са жніўня не пагадзіліся з беззаконнем, забойствамі і катаваннямі мірных пратэстоўцаў.

Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі:

«Дыскрэдытуючы гонар і годнасць вайскоўца і працаўніка, выказвалі непавагу да дзяржаўных сімвалаў, выкідвалі службовыя пасведчанні, здымалі пагоны, адмаўляліся ад выканання службовых абавязкаў».

У спісе ёсць даўно вядомыя афіцэры – праціўнікі Лукашэнкі – напрыклад, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі, палкоўнік міліцыі запасу Мікалай Казлоў, або палкоўнік спецназу ў адстаўцы Уладзімір Барадач. Ёсць і тыя, хто праявіў сваю пазіцыю нядаўна: былы следчы, а цяпер айцішнік Яўгеній Юшкевіч – цяпер ён у Следчым ізалятары КДБ, падазраваны ў арганізацыі грубага парушэння грамадскага парадку; былы кіраўнік менскай абласной ДАІ палкоўнік міліцыі запасу Сяргей Маслоўскі, які прайшоў катаванні ў ізалятары на Акрэсціна; падпалкоўнік міліцыі запасу Станіслаў Лупаносаў, былы працаўнік ГУБАЗіК – упраўлення міліцыі, якое вылучылася зверствамі. Лупаносава абвінавачваюць у тэрарызме і зліве інфармацыі пра міліцэйскі садызм ініцыятыве «BYPOL», створанай пасля выбараў былымі следчымі і міліцыянтамі.

«На маё меркаванне, спіс свядома скарочаны, каб не паказваць людзям і іншым афіцэрам, якія засталіся ў сістэме, колькасць тых, хто з яе выйшаў і асудзіў дзеянні непасрэдна пасля выбараў», – мяркуе былы следчы, маёр юстыцыі Ігар Лобан з ініцыятывы «BYPOL».

У «БайПоле» аб пазбаўленні званняў ведалі і былі да яго гатовыя, кажа Ігар Лобан, таксама абвінавачаны ў тэрарызме. Пад дзеянні ўказу не трапілі як мінімум 10 ягоных калегаў, якія сышлі з органаў публічна і на знак пратэсту.

«Ён будзе дзейнічаць, пакуль Лукашэнка застаецца пры ўладзе. Але я абсалютна ўпэўнены, ды і Святлана Ціханоўская пра гэта казала, што ўсе будуць адноўленыя ў сваіх званнях і класавых чынах», – упэўнены Лобан.

Спіс афіцэраў, пазбаўленых звання, стаў знакам якасці і для Валерыя Косткі, які служыў у КДБ у першыя гады незалежнасці Беларусі.

«Афіцэры МУС, КДБ, пракуратуры, Следчага камітэту былі не згодныя. Яны напісалі рапарты і звольніліся. Гэтым яны захавалі свой афіцэрскі гонар і годнасць, бо не пайшлі супраць закону. І гэта правільна», – перакананы Валер Костка.

Яшчэ ў жніўні Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў сілавікоў, што адзначыліся на разгоне пратэстаў, медалямі «за бездакорную службу», і апублікаваў іхныя прозвішчы і месцы працы. Таксама Лукашэнка патрабаваў ад сілавікоў і чыноўнікаў, каб яны яму не здрадзілі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».