Выстава салідарнасці з медыкамі пад забаронаю

Выставу «Машына дыхае, а я – не» адкрылі ў сталічнай прасторы «Месца» толькі 30-га сакавіка, а ўжо 5-га красавіка да арганізатараў выставы прайшлі сілавікі з ператрусам.

«Гэта была фінансавая міліцыя з Дзяржкантролю. Яны вынялі ў нас камп’ютар, тэлефон, шукалі грошы. Усё гэта ідзе па артыкуле «Фінансаванне масавых пратэстаў», – патлумачыў Уладзімір Яворскі, муж затрыманай Таццяны Гацуры-Яворскай.

На аднолькавых падставах былі затрыманыя мінімум чатыры асобы: Наталля Трэніна, Юлія Сяменчанка, Ганна Сакалоўская і Таццяна Гацура-Яворская. Усе яны ўваходзяць у грамадскае абʼяднанне «Звяно».

Маці чатырох дзяцей, заснавальніца «Звяна» Таццяна Гацура Яворская, вядомая ў тым ліку як арганізатарка міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно аб правах чалавека «Watch Docs Belarus», бліжэйшым часам збіралася адкрываць цэнтр дапамогі людзям, якія выходзяць з месцаў пазбаўлення волі. Адзін з апошніх праектаў «Звяна» – выстава «Машына дыхае, а я – не». Вось што затрыманая Наталля Трэніна казала на яе адкрыцці:

«Як людзям на ШВЛ цяжка дыхаць, так і нам цяжка дыхаць у цяперашніх палітычных рэаліях».

Выстава абʼяднала 5 праектаў, кожны з якіх паказваў праблемы сістэмы аховы здароўя Беларусі і пэўны гераізм медыкаў, якія змагаліся з ковідам ва ўмовах замоўчвання праўды і беспрэцэдэнтнага ціску з боку сілавікоў.

«Былі замоўчванні і скажэнні інфармацыі, потым шмат гвалту таксама, шмат хворых, і ўсё гэта звалілася на плечы медыкаў», – зазначае хірург Дзмітрый Маркелаў.

Фатограф Алесь Пілецкі здымаў у чырвонай зоне Віцебскай гарадской клінічнай больніцы хуткай медычнай дапамогі. Ягоныя рэдкія кадры пра гераізм беларускіх дактароў былі часткаю экспазіцыі.

«У нас на выставе агучваецца лічба – 162 ахвяры ковіду, гэта 162 памерлыя дактары. Дзе мы можам знайсці гэтыя прозвішчы? Дзе мы можам пабачыць, хто гэта быў? То бок гэтага нідзе няма. На нашай выставе якраз гэта агучваецца», – кажа журналіст Алесь Пілецкі.

На другі дзень працы на выставу завіталі санстанцыя і МНС. У часе правярання нібыта знайшліся парушэнні. Фармальна закрылі не экспазіцыю, а прастору, дзе яна праходзіла. Арганізатары перанеслі праект у онлайн, а пасля ператрусаў і затрыманняў сябраў «Звяна» цалкам спынілі яго. На гэты конт выказалі сваё меркаванне жыхары Менску:

«Бо ў нас у краіне так устроена, тут нічога не скажаш. Так рэжым працуе, і ўсё».

«Бо ў нас нелегітымная ўлада, і яна баіцца ўсяго абсалютна».

«Не магу сказаць і нават выказаць сваё меркаванне трошкі баюся».

«Проста ў нас такая дзяржава: ніхто не жадае, каб ведалі людзі праўду».

293 артыкул Крымінальнага кодэксу – «Фінансаванне беспарадкаў» – прадугледжвае да трох гадоў зняволення. Раней паводле гэтага артыкулу затрымлівалі сябраў праваабарончага цэнтру «Вясна» і Беларускай асацыяцыі журналістаў, чынілі ў іх ператрусы.

Ірына Карніенка, «Белсат»

 

Глядзі таксама