«Хачу жыць у краіне, дзе пануе закон». Віктар Бабарыка выступіў з прамоваю ў судзе


«Я хачу жыць у краіне, дзе пануе закон», – гэткія словы прамовіў Віктар Бабарыка падчас свайго першага допыту ў судзе. І заявіў, што і ён, і астатнія сямёра фігурантаў справы топ-менеджараў «Белгазпрамбанку» не вінаватыя.

У будынку суда Маскоўскага раёну Менску адбыўся першы допыт Віктара Бабарыкі. Экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку» адмовіўся даваць паказанні і назваў свой пераслед палітычна матываваным.

«Мяне, вядома, моцна здзівіла, што мае былыя калегі агаварылі сябе і спрабуюць агаварыць мяне. Але я разумею, чаму гэта адбылося. Той ціск, які аказваецца ў СІЗА КДБ… Я таксама вёў тыя самыя размовы. Мне нават са шкадаваннем у голасе сказалі, што фізічныя катаванні забароненыя…» – распавёў Віктар Бабарыка.

Віктар Бабарыка – адзіны з васьмі фігурантаў «справы топ-менеджараў «Белгазпрамбанку», хто не прызнаў віны.

Падчас выступу ў судзе Бабарыка адзначыў, што ніколі не браў хабараў і выказаў сумневы ў аб’ектыўнасці суддзяў, бо лічыць, што на іх ціснуць улады.

Леташняга прэтэндэнта на пост прэзідэнта вінавацяць у легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Максімальна магчымае пакаранне – 15 гадоў турмы.

У судзе Заводскага раёну Менску пачаўся працэс над палітвязнем, аматарам страйкболу Віталём Шчэрбічам. Паводле дзяржаўнай абвінаваўцы Крысціны Качанавай, з 9 жніўня мінулага года і ў наступныя дні супольна з нявыяўленымі асобамі Шчэрбіч меў дачыненне да масавых беспарадкаў у Менску. Віталь віны не прызнае, у акцыях пратэсту, як адзначае, удзелу не браў.

«Гэта несправядлівае абвінавачанне. Муж абсалютна ні ў чым не вінаваты. Прамых доказаў увогуле ніякіх няма», – кажа жонка Віталя Шчэрбіча Таццяна.

Паводле следства, Шчэрбіч купіў і дапрацаваў прадметы дзеля «арганізацыі пагромаў», аднак злачыннага намеру не давёў да канца з незалежных абставінаў.

Затрымалі Віталя летась у лістападзе. Падчас ператрусу ў доме знайшлі дымавыя шашкі, петарды і страйкбольную зброю. Гаспадар казаў, што набыў усё для гульні ў страйкбол.

«Увесь страйкбольны стаф, які ў яго ёсць, яны кажуць, што нібыта ён хацеў гэта выкарыстоўваць у мэтах парушэння бяспекі ў горадзе, але тут жа ў іх ёсць выснова экспертаў, якія кажуць, што гэтыя ўсе рэчы не маюць ніякага дачынення да баявой зброі», – распавядае Яніна, калега Віталя Шчэрбіча.

Менскі абласны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу Уладзіміра Няронскага і не задаволіў яе. Вырак пакінулі без зменаў. Гэта значыць, што бліжэйшым часам палітвязня этапуюць са следчага ізалятару Жодзіна ў калонію агульнага рэжыму на 3 гады.

Аўтара YouTube-каналу «Слуцк для жизни» Уладзіміра Няронскага прызналі вінаватым у закліках у відэароліках да дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў публічнай абразе старшыні Слуцкага райвыканкаму. Гэта быў першы прысуд у гэтак званай справе Ціханоўскага.

Анастасія Русецкая, «Белсат»