Уладзімір Астапенка: «Аптымізацыя» МЗС – татальны крах беларускай дыпламатыі


У Беларусі зноў аптымізацыя. Гэтым разам – у Міністэрстве замежных справаў. Маўляў, у шэрагу краінаў перспектывы беларускай дыпламатычнай прысутнасці не праглядаюцца.

«Дык навошта нам захоўваць свае амбасады, марнаваць бюджэтныя сродкі на іх утрыманне? Да чаго там поўны штат дыпламатаў, якія адказваюць за напрамкі, пастаўленыя на паўзу?», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Але сапраўдная прычына аптымізацыі – дэградацыя ўсёй сістэмы дзяржаўнага кіравання, лічыць былы амбасадар Беларусі ў Аргентыне Уладзімір Астапенка:

«Гэта таксама яскрава дэманструе татальны крах беларускай дыпламатыі ў яе намаганнях пабудаваць збалансаваную шматвектарную палітыку. Сёння вонкавую палітыку Беларусі можна смела назваць малавектарнай, каб не казаць – аднавектарнай».

На думку дарадцы Святланы Ціханоўскай у замежнай палітыцы Франака Вячоркі, пасля аптымізацыі беларускія амбасады будуць адыгрываць яшчэ больш сімвалічную ролю, чым раней.

«Трэба разумець, што беларускія дыпламаты не такія, як у заходніх краінах. Задачай нашых паслоў было быць гандлёвымі прадстаўнікамі. Яны дамаўляліся на нейкія кантракты, на нейкую супрацу з заходнімі кампаніямі. Цяпер нават гэта перастала быць патрэбным, бо ніхто не хоча супрацоўнічаць з лукашэнкаўскім рэжымам», – лічыць Франак Вячорка.

Улады пастараюцца перамясціць працаўнікоў ведамства туды, дзе, з іхнага гледзішча, ёсць эканамічныя перспектывы, адзначае палітолаг Андрэй Казакевіч:

«Вядуцца дыскусіі пра перагляд беларускай вонкавай палітыкі, напрыклад закрыццё ці замарожванне заходніх кантактаў. Гэта значыць пераключэнне на еўразійскі рэгіён, перш за ўсё, на Расею, большая залежнасць вонкавай палітыкі ад Расеі».

Беларусы лічаць звужэнне дыпламатыі памылкай уладаў.

«Гэта нікому не трэба, гэта не на карысць Беларусі адназначна. Але нас ніхто не пытае».

«Чым больш Беларусь закрываецца, тым горш, бо ўвесь уплыў ідзе ад Расеі, а ў сваю чаргу Расея жыве з такім самым прэзідэнтам, як у нас».

«Міжнародныя стасункі не магчымыя ў нашай краіне, пакуль у нас старая ўлада», – мяркуюць жыхары Менску.

Міжнародныя стасункі ў сітуацыі, калі з уладамі Беларусі размаўляць ніхто не хоча, наладжвае зусім не Міністэрства замежных справаў.

«Сустрэчы Святланы Ціханоўскай, кантакты Народнага антыкрызіснага ўпраўлення на міжнародным узроўні сведчаць пра тое, што ў Беларусі шмат сяброў, якія зацікаўленыя ў моцнай і стабільнай краіне, якія здольныя дапамагчы нам аднавіць і нашую эканоміку, і нашыя знешнія сувязі», – кажа Уладзімір Астапенка.

Сапсаваліся ж стасункі з заходнімі краінамі пасля выбараў. А ў выніку дыпламатычных канфліктаў шэраг працаўнікоў амбасадаў Літвы і Польшчы пакінулі Беларусь. У канцы сакавіка Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу супраць актывістаў Саюзу палякаў у Беларусі, вынікам чаго стала новае скарачэнне дыпламатычных корпусаў Польшчы і Беларусі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»