Ляховіч: Лукашэнка выкарыстоўвае траціл дзеля пашырэння рэпрэсіяў


Тэрарыстычныя групы з арсеналамі выбухоўкі, пра якія вяшчае нелегітымны прэзідэнт – чарговы фэйк, з-за якога зноў хтосьці трапіць за краты – меркаванне эксперта «Белсату» Андрэя Ляховіча… Ад чаго толькі не бараніў нацыю дзейны кіраўнік: ад вайны, карупцыі, галечы, атрутнага імпарту, раскрадання, тэрарыстычных актаў… Адкуль сыходзіць рэальная пагрозу бяспецы беларусаў?

Сілавыя структуры палююць на ворагаў дзяржавы дзень і ноч:

«Высветлілася, што ў той вечар мужчыны знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення», – чуем з каналу «МВД Беларусі». Хлопцаў узялі за няправільнае стаўленне да зялёна-чырвонага сцягу. Завялі адпаведную крымінальную справу. Іншым асобам з артыкулам пашчасціла яшчэ менш. Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка заявіў:

«Вам Камітэт дзяржбяспекі яшчэ распавядзе, колькі сюды траціла завезлі і нават пластыду. Хто спецыяліст, той ведае. Гэта не Аўтуховіча група, гэта ўжо новая. Добра, што іх прыкрылі. Там арсеналы, таму што ім трэба зламаць. А нам трэба выстаяць».

Вертыкаль улады, якая цягам паўгода рэпрэсавала каля 50 тыс асобаў, – белая, а яе крытыкі з патрабаваннем справядлівых выбараў – чорныя, гатовыя ўзарваць краіну дзеля дасягнення сваёй мэты.

Аб спыненні дзейнасці ў Беларусі тэрарыстычных груп на Усебеларускім народным сходзе распавядаў і старшыня КДБ Іван Церцель. Гэтым разам гаворка пра нібыта міжнародную злачынную групу.

«Я перакананы, што гэта чарговы фэйк. Але ў адрозненні ад пазадарожніка, якога яны не адшукалі ў 2017 годзе з украінскай зброяй, на складах беларускай арміі дастаткова выбухоўкі і траціла, каб паказаць грамадству, што гэта нейкія тэрарыстычныя групы, якія тут ствараюць вялікую пагрозу», – кажа Андрэй Ляховіч, незалежны палітычны аналітык.

Перад гэтай справаю БТ вяшчала пра заблакаваныя «змагарамі» рэйкі на чыгунцы, потым пра падпаленыя аўтамабілі міліцыянтаў, рыхтаванне выбухаў і закуп зброі ва Украіне, якія інкрымінуюць Ігару Аліневічу і Мікалаю Аўтуховічу. Матэрыялы ў навінах БТ і АНТ без доказаў на відэа шэрагу, з вырванымі з кантэксту каментарамі абвінавачаных. Менчукі каментуюць:

«Мала інфармацыі і аднабокая яна. Пакажы гэта ўсё – тады будзе іншая справа».

«Калі верыць усяму, што кажуць на БТ, то можна здурэць».

Ужо цяпер у Беларусі больш за дзве тысячы крымінальных справаў з палітычнаю афарбоўкай. Прызнаных палітвязнямі асобаў – больш за 260. Журналістаў афіцыйных тэлеканалаў гэтая статыстыка не цікавіць, таксама як узровень даверу да іхнага кантэнту, лічыць Андрэй Ляховіч:

«Калі б яны цікавіліся, які ўплыў мае прапаганда, яны б разумелі, што ніхто гэтую лухту, якую вярзе Лукашэнка і сілавікі – не слухае. Вялікая частка грамадства атрымлівае інфармацыю праз інтэрнэт ад аб’ектыўных інтэрнэт-парталаў».

Так гэта ці не – «Белсат» даведаўся на вуліцах сталіцы:

«Намагаюся міма вушэй цяпер прапускаць тое, то кажуць, і, ясная справа, нічому не веру».

«Прабачце, ягоным словам верыць толькі ненармальны чалавек… Тое што ён хлусіць на кожным кроку… ну…»

«Трэба фільтраваць інфармацыю, якая ідзе з любых крыніцаў – афіцыйных і не, апазіцыйных і праўладных.

Але як зрабіць, каб адказнасць неслі за хлусню, а не фэйкавыя абвінавачанні?

Юлія Цяльпук, «Белсат»