Ігар Банцэр працягвае галадаванне


З раніцы ў гарадзенскі ізалятар да журналіста, музыкі і перформера Ігара Банцэра змог трапіць адвакат. На першым судовым паседжанні ў сераду актывіст абвесціў пра сухое галадаванне, адмовіўся і ад ежы, і ад вады, каб апратэставаць абвінавачванне.

«Да яго немагчыма ўжываць нейкія прымусовыя захады, пакуль ён прытомны, пакуль ён адэкватны і можа ўсведамляць свае дзеянні», – растлумачвае адвакат Ігара Банцэра Аляксакндр Бірылаў.

«Справядлівасці няма» – было напісана на плакаце актывіста на першым судовым дні. Тады ж Ігар Банцэр упаў, нібы знепрытомнеў. На другім паседжанні некалькі разоў звяртаў увагу на сваё самапачуццё.

«Страта вадкасці можа адбывацца праз дыханне, праз скуру. І пры непаступленні новае вадкасці ў арганізм чалавек можа пратрываць не больш за тыдзень», – распавядае лекар Уладзімір Пруднікаў.

Ігара Банцэра затрымалі 20 кастрычніка. Яму пагражае ад штрафу да трох гадоў зняволення за танец галяком перад аўтам міліцыянтаў пятага верасня.

«Ён чалавек прынцыповы. Ведаю, што ён хлусні не любіць. А тое, што ў судзе адбываецца, – гэта ўсё надуманае. Ён сазнаўся ў тым сваім перформансе, а ўсё астатняе – гэта ўсё надуманае», – лічыць жонка Ігара Банцэра Анжаліка Арэхва.

У Ігара Банцэра трое няпоўнагадовых дзяцей. Чатыры з паловаю месяцы ён за кратамі. За гэты час музыку змяшчалі ў карцар і прымусова вазілі на псіхіятрычную экспертызу, якая давяла, што музыка здаровы. Сёння ж адвакат даведаўся і пра самапачуццё актывіста падчас галадавання.

«Сёння яго ўпершыню даследаваў доктар. Гэта заключалася ў тым, што яму памералі артэрыяльны ціск. Як сказаў Ігар, той у норме. Як заўсёды каментуе Ігар Банцэр свой стан здароўя: Банцэр – гэта Банцэр. Таму ён настроены рашуча, ён намерыўся ісці да канца», – паведамляе адвакат Ігара Банцэра Аляксандр Бірылаў.

Выявілася, што дваццаць другога лютага ўжо другое галадаванне пачала палітзняволеная Наталля Хершэ, бо да яе не даходзілі лісты. Пасля першага галадавання ў студзені яе перавялі ў камеру з лепшымі ўмовамі. Ці працягвае грамадзянка Швейцарыі галадаваць, невядома.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»