Баронім «Нашу гісторыю» разам


Беларусы зноўку праявілі салідарнасць, у тым ліку матэрыяльна. Напярэдадні дзяржаўны манапаліст «Белсаюздрук» практычна забараніў распаўсюд беларускамоўных часопісаў – «Наша гісторыя», а таксама дзіцячыя выданні «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!» А сёння ўжо ў рэдакцыю стаяць чэргі ахвотных набыць часопісы, у тым ліку ранейшыя нумары.

Вялікая чарга ўтварылася сёння ў цэнтры Менску – на вуліцы Энгельса 34а. Тут на заклік рэдакцыі «Нашай нівы» сабраліся ахвочыя набыць свежы нумар часопісу «Наша гісторыя», які напярэдадні выйшаў з друкарні.

Пакупнікі кажуць:

«Мы ведаем такі часопіс «Наша гісторыя». Не скажу, што мы купляем яго ўвесь час. Але калі ёсць магчымасць. А тут, калі ёсць магчымасць яшчэ і дапамагчы «Нашай Ніве», якую мы чытаем, то чаму не».

«Мы хочам падтрымаць «Нашу Ніву». І гэта даволі абсурдна – тое, што цяпер адбываецца. Невядома, што будзе далей, але мы спрабуем рабіць тое, што ад нас залежыць. Сабе набудзем часопісы, сябрам, падзелімся з імі».

Падтрымання чытачоў выдаўцы папрасілі пасля таго, як дзяржаўны манапаліст «Белсаюздрук» адмовіўся прадаваць у кіёсках папулярны часопіс «Наша гісторыя», а таксама дзіцячыя выданні «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!»

«Для мяне было пытанне асабістае, ці ёсць яшчэ зарад салідарнасці ў людзях, ці гэтыя катастрафічныя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, гэты абвал, які мы на вачах назіраем, у людзях забіў гэтую салідарнасць. Мы пабачылі, што не забіў», – цешыцца галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя» Андрэй Дынько.

Прадаваць часопісы ў рэдакцыі «Наша ніва» плануе два дні штомесяц. Апроч таго можна аформіць падпіску. Калі «Белпошта» таксама адмовіцца ад супрацы, рэдакцыя плануе аднавіць уласную сістэму дастаўлення.

«І, канечне, будзем працаваць у інтэрнэце. На сайце «Нашай нівы» будзем ставіць гэтыя матэрыялы ў платным доступе для платных падпісчыкаў. Інтэрнэт цяпер – нашае ўсё», – гаворыць Андрэй Дынько.

Кіраўніцтва «Нашай нівы», якая выдае часопіс «Наша гісторыя», а таксама дзіцячыя выданні «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!», лічыць спыненне супрацы палітычнаю пастановаю дзяржаўных органаў.

Гэта фактычна працяг ціску на незалежныя выданні. З лютага ў шапіках «Белсаюздруку» не прадаюць газеты «Новы час». Летась праз палітычны ціск і фінансавыя праблемы, выкліканыя дзеяннямі ўладаў, спынілі працу шэсць недзяржаўных газетаў.

Анастасія Русецкая, «Белсат»