Як святкуюць Раство беларусы ў Польшчы


Вось – абрус святочны, прывезены з Беларусі. Яму ўжо амаль 50 гадоў, – кажа Марына. Яна – беларуска, але жыве ў Польшчы. Як і ў шмат якіх беларускіх сем’ях, бацька ў яе – каталік, а мама – праваслаўная. Таму яны заўсёды святкуюць паводле абедзвюх канфесіяў, а розніцы ў абрадах святкавання практычна няма.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Падрыхтоўка пачынаецца за колькі дзён. Перш за ўсё трэба зварыць аўсяны кісель, а таксама куццю – рысавую альбо ячную кашу з разынкамі. Агулам жа на стале абавязкова павінны быць дванаццаць страваў, усе – посныя: гародніна, садавіна, грыбы, мёд. Але дапускаецца і рыба.

Куцця – дзень строгага посту. За стол сядаюць усе разам толькі калі добра сцямнее, а на небе з’явіцца першая зорка. Марына запальвае свечку, тлумачыць парадак:

«Спачатку – малітва агульная. Потым перахрысціцца трэба, і пасля гэтага толькі можна пачынаць есці. Усе, хто ёсць за сталом, павінны паспрабаваць кожную страву, хаця б па адной лыжачцы. Бацькі папярэджвалі: калі не з’ясі чагось – у годзе не будзе шанцаваць. А тое, што застаецца пасля вячэры, пакідаюць на стале да ранку. Гэта каб увесь наступны год сям’я ядналася».

Неадемнаю часткай свята былі і забавы. Дзеці і моладзь вадзілі Казу, спявалі калядкі. Дзяўчаты гадалі на замужжа і на шчаслівы лёс. Марына распавяла, што яны калісь бегалі да плоту і абхоплівалі рукамі «ляскі». Калі была цотная іх колькасць, – лічылася, што можна хутка чакаць сватоў. А гаспадар дому выцягваў сена з-пад святочнага абрусу: калі выцягне доўгую саломінку – то чакаў, што налета добра лён уродзіцца.

Але галоўны сэнс гэтых дзён – у тым, каб уславіць нараджэнне Ісуса Хрыста. На Вігілію і Каляды належыць схадзіць у храм і шчыра памаліцца аб усіх родных і блізкіх, аб усіх, каму цяпер цяжка, хто чакае дапамогі і спагады. І, вядома ж, у добрых справах, што ёсць абавязкам кожнага хрысціяніна не толькі ў дні святочныя.

Да вернікаў звярнуўся протаіерэй з Вільні Віталь Моцкус з пажаданнем усім сябрам-беларусам у дзень свята Раства Хрыстова любові, міру, міласці Божай, каб усе маліліся, каб тварылі многа-многа добрых справаў.

Яшчэ нашыя продкі верылі, што Вігілія – найлепшы час для таго, каб загадваць жаданне пад Каляднай зоркай. Гэты абрад у розных мясцінах мае свае адметнасці, але абавязкова адно: Каляднае жаданне павінна быць накіравана на дабро і быць сапраўды карысным. Але распавядаць пра тое, што загадаў – нельга. Інакш не збудзецца.

Марына, што жыве зараз у Беластоку, адзначае, што ейныя блізкія людзі – у Беларусі. І жаданні яны загадваюць супольна не толькі ў навагоднюю ноч, але і ў Калядную. Яна цудоўная. Мары, жаданні павінны быць выкананы.

Для тых, хто праз розныя прычыны не могуць сёння наведаць храм, будзе зладжаная трансляцыя святочнай літургіі на ЮТʼюб-канале Беларускай праваслаўнай царквы. Пачнецца яна ў 23:40.

Марына Яновіч, «Белсат».