Пратэсты ў Казахстане доўжацца пяты дзень


Каля 300 вайскоўцаў на БТР і грузавіках атачылі плошчу перад Алматы, пачалася страляніна. Камендатура гораду паведамляе аб забойстве дзясяткаў пратэстоўцаў, якія нібыта штурмавалі паліцэйскі пастарунак і іншыя адміністрацыйныя будынкі. Таксама афіцыйна паведамляюць пра 18 забітых і сотні параненых паліцэйскіх.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Праз блакаванне інтэрнэту і праблемы з тэлефоннай сувяззю інфармацыі з Казахстану сёння няшмат – яна пераважна паступае з расейскіх медыяў, ад казахскіх сілавых ведамстваў і прэс-службы прэзідэнта Казахстану. Інтэрнэт працаваў добра толькі ўначы.Казахстанскі апазіцыйны палітых Ермек Нарымбаеў кажа з гэтай нагоды наступнае:

«З‘явіліся карцінкі па марадзёрах. Яны з‘явіліся дзякуючы таму, што раптам з вуліц Алматы зніклі патрульныя паліцэйскія і вайсковыя патрулі якія быццам бы ў рамках НС павінныя былі кантраляваць увесь горад. Але войскі пафатаграваліся на цэнтральнай плошчы. І пасля гэтага яна раптам была лёгка захопленая і лёгка былі захопленыя, і спаленыя будынкі адміністрацыі горада Алматы і тэлецэнтра, які стаяў насупраць яго».

Падчас гэтак званай «антытэрарыстычнай аперацыі», паводле апошніх афіцыйных звестак, затрымалі больш за дзве тысячы чалавек. Але людзі ва ўсёй краіне працягваюць выходзіць на плошчы з патрабаваннямі дэмакратычных зменаў, атачаюць адміністрацыйныя будынкі. Пратэстоўца Рафік Жарылкасын заяўляе:

«Журналісты і блогеры, было шмат версіяў таго, што тут адбылося. Вы павінны зразумець, што тут адбылося. Трыццаць гадоў спатрэбілася, каб спружына, якую ўлады сціскалі, лопнула. Глядзіце, у нас стралялі. Усе мы прайшлі праз гэта, але ніхто з нас не хоча забіваць або аказваць ціск на іншага чалавека. Калі ласка, прыходзьце сюды і пабачыце гэта на свае вочы. Мы паказваем вам твар новай краіны, і вы мусіце стаць сведкамі. Мы, казахі, доўга трывалі, нам досыць. Нам гэты стан справаў надакучыў. Глядзі, тут наступаюць салдаты. Няхай свет гэта ўбачыць».

З’явілася і відэа з гораду Актаў. Там пратэстоўцы заявілі, што дамагліся сыходу з улады Нурсултана Назарбаева, таму разыходзяцца.

Тым часам сотні казахстанцаў па ўсёй краіне звярнуліся ў больніцы па дапамогу. Мінздароўя Казахстану заяўляе, што больш за тысячу чалавек атрымалі раненні, з іх амаль 400 шпіталізаваныя, а 62 чалавекі цяпер у рэанімацыі. У незалежным каардынацыйным штабе пратэстоўцаў журналістам паведамілі як мінімум пра трыццаць забітых. Стрэлы ў цэнтры Алматы чуваць і ўвечары.

Пратэсты пачаліся з-за росту коштаў на звадкаваны газ у розных гарадах Казахстану, і яны не сціхаюць пяты дзень. Сярод асноўных патрабаванняў пратэстоўцаў: змена рэжыму, правядзенне выбараў кіраўнікоў кожнай вобласці і гораду, а таксама вяртанне да Канстытуцыі 1993 года.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»