Беларускі спецназ паляцеў у Казахстан

Беларусь перакідвае ў Казахстан ад 100 да 300 сотняў вайскоўцаў з Віцебскай брыгады спецназу для магчымага ўдзелу ў баявых дзеяннях. Такім чынам сілавы апарат Аляксандра Лукашэнкі разам з Крамлём дапамагае казахскаму лідару ва ўнутраным канфлікце.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларускія вайскоўцы з Віцебскай брыгады спецназу сёння пагрузіліся на расейскія ваенна-транспартныя самалёты на аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам. Кантрактнікі адправіліся ў Казахстан дапамагаць мясцоваму Мінабароны.

«Мной прынятае рашэнне, і яно зацверджанае прэзідэнтам РБ, для гэтых мэтаў накіраваць падрыхтаваную міратворчую роту са складу 103-й паветрана-дэсантнай Віцебскай брыгады сілаў спецыяльных аперацыяў», – заявіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Так званая беларуская «міратворчая рота» – гэта 100 штатных спецназаўцаў і 200 чалавек часовага складу.

Яны паляцелі ў Казахстан паводле рашэння Савету калектыўнай бяспекі АДКБ – Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі, да якой звярнуўся Касым-Жамарт Такаеў. Кіраўнік Казахстану сцвярджае, што ягоная краіна пад ударам міжнародных тэрарыстаў, але не ўдакладняе, якіх.

«Гэтыя тэрарыстычныя банды з’яўляюцца па сутнасці справы міжнароднымі, якія прайшлі сур’ёзную падрыхтоўку за мяжой, і іх напад на Казахстан можна і трэба разглядаць, як акт агрэсіі», – заявіў напярэдадні Касым-Жамарт Такаеў.

«Такія дзеянні з боку Лукашэнкі і Пуціна па сутнасці супярэчаць статуту АДКБ, які не дазваляе ўмешвацца ва ўнутрыпалітычныя справы дзяржаваў АДКБ. А гэта ўнутрыпалітычная справа. І ўсе мы разумеем, што спасылкі на замежныя цэнтры – гэта абсалютнае глупства», – тлумачыць Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі XII склікання.

Расейскія дэсантнікі на бронетэхніцы ўжо ў Казахстане. Як высветліў партал «InformNapalm», сярод іх ёсць падраздзяленні, якія ўдзельнічалі ў расейскай гібрыднай агрэсіі супраць Украіны – і ў анексіі Крыма, і ў баявых дзеяннях у Данецкай і Луганскай вобласцях.

Кыргызстан пакуль не адправіў войскаў – парламент выступіў супраць інтэрвенцыі, але не сабраў кворуму для галасавання.

Таджыкістан скіраваў 200 вайскоўцаў, Арменія – 70.

Менавіта армянскі прэм’ер Нікол Пашынян агучыў рашэнне Савету калектыўнай бяспекі АДКБ абараніць Казахстан ад замежнай пагрозы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Саміт АДКБ. Фота ілюстратыўнае. Крыніца: EADaily

Але рашэнне прымалася ў Крамлі, тлумачыць Рубэн Мэграбʼян, аналітык Армянскага інстытуту міжнародных стасункаў і бяспекі:

«Расея вырашыла скарыстаць АДКБ у якасці легітымнай “крышы” для свайго ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Казахстану, дзе ідзе відавочны востры ўнутрыпалітычны працэс, абумоўлены незадаволенасцю казахскага народу».

Пекін не ўмешваецца ў падзеі, але цалкам падтрымлівае Касым-Жамарта Такаева.

«Тое, што адбываецца ў Казахстане, – гэта яго ўнутраныя справы. Кітай упэўнены, што ўлады Казахстану змогуць належным чынам разабрацца з праблемамі, і спадзяецца, што сітуацыя ў Казахстане стабілізуецца вельмі хутка», – заявіў сёння прадстаўнік міністэрства замежных справаў Кітаю Ўан Ўэньбінь.

Злучаныя Штаты заклікаюць Казахстан паважаць канстытуцыйныя інстытуты. Еўрапейскія дзяржавы таксама асцярожныя ў ацэнках.

«Мы занепакоеныя гвалтоўнымі сутычкамі ў Казахстане, і мы вельмі ўважліва сочым за развіццём падзеяў. Нашыя думкі з тымі, хто страціў жыццё ў выніку падзеяў. Мы асуджаем акты ґвалту і разбурэнняў у Алматы, і мы будзем і надалей каардынаваць нашыя далейшыя крокі з саюзнікамі», – заявіла ў брытанскім парламенце міністр замежных справаў Аб’яднанага Каралеўства Ліз Трас.

Але ёсць агульная пазіцыя адносна ўводу войскаў.

«Падобная інтэрвенцыя мусіць зважаць на суверэнітэт і незалежнасць Казахстану», – падкрэслівае прадстаўніца Еўракамісіі Набіля Масралі.

Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад казахаў – удзельнікаў пратэстаў – стаць на калені перад вайскоўцамі.

«Я папрасіў Уладзіміра Пуціна, каб ён прадставіў самалёты для гэтага. Трэба нашую тэхніку перакінуць і іншае… Мы разумеем цудоўна, што Казахстан аддаць нельга», – заявіў Лукашэнка на адмысловым урадавым паседжанні.

Такім чынам Лукашэнка абараняе не Такаева, а сябе – на будучыню, тлумачыць Сяргей Навумчык:

«Маючы прэцэдэнт удзелу знешніх сілаў у Казахстане, ён зможа звярнуцца да тых жа казахскіх уладаў, але найперш да ўладаў Расеі, з просьбай у межах АДКБ даслаць у Беларусь расейскіх дэсантнікаў ці Нацгвардыю, каб падавіць не толькі сваімі, але і знешнімі сіламі народныя выступы».

«Народ Беларусі ніколі не выступіў бы і не выступіць за тое, каб адправіць войска на здушэнне волі народу Казахстану […] Лукашэнка, які страціў легітымнасць, не мае права прымаць рашэнні пра ўвод войскаў і ахвяраваць беларусамі дзеля ўзброенай сімуляцыі стабільнасці ў рэгіёне», – заявіла сёння лідар беларускага дэмакратычнага руху Святлана Ціханоўская.

Апазіцыйныя сілы Беларусі выступілі з супольнай заявай аб недапушчальнасці скіравання беларускіх вайскоўцаў у замежныя ваенныя аперацыі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама