Беларуская культура пад пераследам


Цяпер песня «Мы – не «народец!» рагачоўскага гурта «Tor Band», якая мела болей за 5 мільёнаў праглядаў, недаступная на Youtube-старонцы калектыву разам з іншымі кампазіцыямі. Дачыненне да зачысткі каналу, імаверна, маюць сілавікі, якія атрымалі доступ да сацыяльных сетак гурту пасля затрымання яго ўдзельнікаў у канцы кастрычніка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Улады змагаюцца з любым іншадумствам. З праявамі пратэсту ў любой яго форме. Таму і песні, любыя матэрыялы – нагода для ўладаў прыгледзецца да гэтых людзей, падумаць і зрэалізаваць пераслед адміністратыўны ці грамадзянска-прававы, крымінальны», – кажа праваабаронца «Human rights impact» Раман Кісляк.

Панк-рок-гурт «Tor Band» створаны ў 2017 годзе фатографам і гукарэжысёрам рагачоўскага Дому культуры – Змітром Галавачом і Яўгенам Бурло. Аднак сапраўды вядомым калектыў стаў на хвалі мірнага пратэсту ў 2020 годзе дзякуючы якраз трэку «Мы – не «народец!». У аснову лёг адказ беларусаў на абразлівыя словы Лукашэнкі пра «трусливый народец», які гучаў ледзьве не кожны нядзельны марш у розных гарадах.

Хоць у інтэрв’ю «Onlinerʼу» у 2020 годзе ўдзельнікі «Tor Bandʼу» распавялі, што песня была напісаная задоўга да жнівеньскіх падзеяў. І тое, што яна атрымала прызнанне ды стала гітом – для іх саміх было нечаканасцю.

«Tor Band» у 20-м годзе ўсе даведаліся, яны, можна сказаць, выстралілі ў Беларусі. Дзякуючы таму, што не засталіся ў баку, былі з народам. Заваявалі народную любоў, можна і так сказаць», – зазначае фронтмэн «Дай дарогу!» Юрый Стыльскі.

Напярэдадні стала вядома, што ў канцы жніўня інфармацыйная прадукцыя, сацыяльныя сеткі ды лагатып гурта трапілі ў спіс гэтак званых экстрэмісцкіх матэрыялаў. Як паведаміла Беларуская рада культуры ў сваім тэлеграм-канале, інфармацыя пра гэта была распаўсюджаная сярод працаўнікоў прадпрыемстваў Рагачова. Людзям рэкамендавалася, як мага хутчэй, адпісацца ад старонак гурта ва ўсіх сацыяльных сетках.

«Зразумела, што ні пра які рэальны экстрэмізм у песнях «Без вайны» ці «Мы – не «народзец» не вядзецца. Але вядзецца тут пра такую наўпроставую помсту рэжыму тым, хто нейкім чынам натхняў пратэстны рух і аказаўся дастаткова дзёрзкім, каб далучыцца да яго, у тым ліку сваёй творчасцю», – падкрэслівае прадстаўніца Беларускай рады культуры па сувязях з грамадскасцю Ірэна Кацяловіч.

Зрэшты, цалкам падчысціць сляды гурта наўрад ці атрымаецца. Песні і кліпы застаюцца адкрытымі на іншых інтэрнэт-пляцоўках, у тым ліку, існуюць аматарскія відэа, зробленыя на гіты «Tor Bandʼу».

Але на гэтым пераслед прадстаўнікоў культурніцкай галіны не канчаецца. Напярэдадні затрымалі культурніцкага менеджара, журналіста ды краязнаўцу Сяргея Макарэвіча. Пра гэта ў Facebook’у паведаміў прадпрымальнік і мецэнат Павел Падкарытаў. Паводле яго, удома ў Сяргея адбыўся ператрус. Пазней стала вядома, што працаўнік дабрачыннага фонду «Вяртанне» змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання ў Горадні.

«Гэта такая машына, сістэма, якая шукае. Зараз звярнулі ўвагу, далі каманду звярнуць увагу менавіта на дзеячаў культуры», – мяркуе Раман Кісляк.

Фонд «Вяртанне» займаўся прасоўваннем беларускай культуры, навукі ды адукацыі, быў спонсарам шматлікіх імпрэзаў, у тым ліку літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча, спрыяў арганізацыі прэміі Ежы Гедройця ды Цёткі. 25 кастрычніка рашэннем Менскага гарадскога суда фонд быў зліквідаваны.

«Усё, што не мае наўпроставай сувязі з Міністэрствам культуры, з прадстаўнікамі дзяржавы, аўтаматычна ўспрымаецца як незалежнае, а значыць – варожае, яно непадкантрольнае. Таму што яно пераследуе нейкія свае мэты. А ў дзяржавы ёсць сваё бачанне культуры і задачаў. Перадусім, гэта задачы, вядома, ідэалагічныя», – рэзюмуе Ірэна Кацяловіч.

Як паведамляе Беларускі ПЭН, Сяргей Макарэвіч праходзіць у «справе маёнтку Падароск». У якім статусе – невядома. Супраць дырэктара ўнітарнага прадпрыемства Юрыя Меляшкевіча і фінансавага дырэктара арганізацыі Дзмітрыя Карабача, якіх затрымалі ў канцы кастрычніка, распачатая крымінальная справа. Нібыта за нясплату падаткаў і страхавых унёскаў з заробку працаўнікоў на суму амаль 400 тысяч рублёў. На старонцы прадпрыемства інфармацыю пра здзяйсненне злачынства зняпраўджваюць.

Марыля Дакуцька, «Белсат»