Як за кратамі хварэюць асобы, якіх пераследуюць па палітычна матываваных справах


Жыццё зняволенага палітыка Рыгора Кастусёва пад пагрозаю. Яму патрэбная тэрміновая аперацыя. Раней была інфармацыя пра анкалагічную хваробу. Як за кратамі хварэюць палітычныя зняволеныя?

«З таго ліста, што мы атрымалі ўчора, невядома, ці гэта анкалогія, ці штосьці іншае. На сённяшні дзень дактары нічога не кажуць», – кажа сваяк Рыгора Кастусёва Зміцер Антончык.

64-гадовага кіраўніка Партыі БНФ вінавацяць у спробе дзяржаўнага перавароту. Разам з ім у справе праходзяць юрыст Юрый Зянковіч і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута. Апошні таксама мае праблемы са здароўем: дыябет, падагра, гіпертанія, цяпер яшчэ сталі выпадаць зубы. А нядаўна яго вазілі на зонд. Відаць, ізноў пачаліся праблемы са страўнікам, кажа жонка Фядуты Марына Шыбко.

«Стан здароўя па гіпертаніі быў вельмі крытычны. Усе пігулкі выдаюць. Ну, як бы не кідаюць на самога сябе», – распавядае жонка Марына Шыбко.

Ад моцных галаўных боляў у турме пакутуе былая журналістка БТ Ксенія Луцкіна. Яе вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

Следства ніяк ня рухаецца. Між тым у мозґу расце пухліна, кажа ейны бацька Алег Луцкін. Адно добра – электраэнцэфалаграма паказала: ні эпілепсіі, ніякіх дадатковых паталогіяў няма. Пра гэта палітзняволеная паведаміла ў апошнім лісце. Цяпер у жанчыны паднялася тэмпература – даюць пігулкі, дазволілі пасцельны рэжым. «Дагэтуль не верыцца, што ўсё гэта адбываецца са мною», – піша Ксенія.

«Неяк прыснілася, што я ўдома. Субота. Я гатую на кухні бліны, а Мацюля спіць, сонца свеціць, я іду яго будзіць… Не хочацца прачынацца», – піша Ксенія Луцкіна з-за кратаў.

Сур’ёзныя праблемы са здароўем не замінаюць рэжыму змяшчаць людзей у турмы. Не замінаюць і іх катаваць. Гэта палітзняволены Дзмітрый Гопта. У яго разумовая адсталасць – два гады калоніі. Ларыса Кузьменка ўзяла за руку сілавіка. Нягледзячы на дэпрэсіўны разлад і клаўстрафобію – у СІЗА. Сяргей Верашчагін пры затрыманні трапіў сілавіку нагой у вокапяць – пяць гадоў калоніі. Зазнае жорсткія катаванні ды здзекі, губляе зрок Мікіта Залатароў. За краты трапіў няпоўнагадовым – нібыта кінуў у бок міліцыянта бутэльку. Чатыры з паловаю гады калоніі – хварэе на эпілепсію.

На жаль, атрымаць хоць якія звесткі з-за кратаў робіцца ўсё цяжэй. Да прыкладу, што адбываецца з тымі, каго месяц таму затрымалі за каментары ў гэтак званай «справе Зельцара»? Звестак няма. Ім не перадаюць перадачаў, да іх не пускаюць адвакатаў. Дарэчы, заставацца ў прафесіі абаронцам можна толькі праз калегію адвакатаў. Зразумела, гэта дзяржаўны орган.

Як жа паўплываць на беззаконне, якое пануе ў Беларусі? 35 краінаў – удзельніц АБСЕ актывізавалі Венскі механізм у дачыненні афіцыйнага Менску. Цяпер Беларусь мусіць даць справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека цягам 10-ці дзён.

«Калі Беларусь хоча выйсці да якой-небудзь нармальнай лініі, выразнай размовы і адносінаў з міжнароднымі структурамі, мусіць адгукнуцца», – кажа палітолаг Віціс Юрконіс.

35 краінаў – гэта больш за палову ўсіх чальцоў АБСЕ. Гэткія ж дзеянні тры гады таму выкарыстоўвалі ў дачыненні Расеі ў звязку з сітуацыяй у Чачні.

Надзея Бельская, «Белсат»