Дзе «зарыюць» беларускую радыяцыю?


АЭС пад Літоўскаю мяжой, сховішча на радыеактыўныя адкіды – пад украінскай мяжой. Ніякай палітыкі! – адная мэтазгоднасць. Саўмін да 14-га кастрычніка прымае заўвагі беларусаў, што да пастановы пра будаўніцтва (хутчэй на ўсё на Гомельшчыне) цэнтралізаванага пункту захоўвання радыеактыўных адкідаў. Украінцы ў такім выпадку хацелі б узгадніць пляцоўку і праект, які апроч рэкламаваных працоўных месцаў створыць небяспеку не толькі для беларусаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Праз 10 гадоў пасля старту рэакцыі дзялення ўрану на БелАЭС мае быць гатовае да ўжытку надзейнае месца для часовага захоўвання АЯП – адпрацаванага ядравага паліва, найбольш небяспечнага віду ядравых адкідаў сярод тых, што маем у Беларусі.

Савет Міністраў прапануе трымаць АЯП на Гомельшчыне ва ўжо заражанай зоне. Экспертка ў галіне ўстойлівага развіцця і энергетыкі Таццяна Новікава прыводзіць прыклад:

«Дапусцім, кран на кухні, калі ў норме – ён не цячэ. Там няма ніякіх кропелек вады, вільгаці ніякай няма… Калі нешта пацякло – вы выклікаеце сантэхніка і ён ліквідуе непаладку. Калі пайшоў дождж і кругом вада, то як вы зразумееце, што ў вас сантэхніка не ў парадку?»

Будуць праблемы з вядзеннем паўнавартаснага маніторынгу на тэрыторыі з павышаным радыяцыйным фонам, а таксама небяспека для працаўнікоў будучай арганізацыі, падкрэсліла Таццяна Новікава. Дакладнага месца размяшчэння АЯП пакуль не вызначылі, але два з трох імаверных варыянтаў назвалі. Гэта Мазырскі раён, дзе ёсць тоўшчы глінаў і солі. І гэта абшар на мяжы з Украінаю са скальнымі пародамі ўкраінскага крышталічнага шчыта.

У новы цэнтралізаваны пункт захоўвання ў свой час будуць звозіць радыеактыўныя адкіды з БелАЭС і перанясуць адкіды з-пад Менску (Сосны), з Рэчыцкага раёну (Зарэчча) і з Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніку.

Чыноўнікі прапанавалі беларусам пісаць заўвагі праз адмысловую форму. Такім чынам, мы з вамі не даведаемся іх зместу. Таму адное з пытанняў – дзе трымаць адкіды – мы скіравалі гледачам:

«У Расеі. Адтуль прывезлі, туды няхай і вяртаюць»

«У Драздах».

«Якія адкіды? Станцыя не працуе, несупынна на нібыта планавым рамонце. Якія там “адкіды”»?

Змяшчаць адкіды плануюць глыбока ў геалагічных фармацыях, на што пасля шырокага грамадска-навуковага абмеркавання не наважыліся ні ў ЗША, ні ў Швецыі, якія разглядалі такія прапановы.

«Эксперты, навукоўцы і грамадскасць усебакова даказалі, што гэта не будзе бяспечным захоўваннем. На якім этапе там цяпер гэтае пытанне, мне не вядома, але дыскусіі ўвесь час вядуцца. Факт у тым, што нідзе ў свеце цяпер няма такой практыкі», – канстатавала Новікава.

Такую практыку прасоўвае толькі Расея, якая змяшчае вадкія радыеактыўныя адкіды ў геалагічныя слаі. Экспертка «Белсату» кажа, што, паколькі слаі зямной кары пад ціскам і на іх уплывае безліч працэсаў, імавернасць выцеку на паверхню высокая.

Сяргей Паскевіч з Інстытуту праблемаў бяспекі атамных электрастанцыяў Акадэміі навук Украіны лічыць абгрунтаваным будаўніцтва аб’екту ў зоне адчужэння. Але настойвае: Беларусь мае ўзгадніць пляцоўку з Кіевам.

«Прадпрыемства, якія маюць транспамежны ўплыў на наваколле суседніх дзяржаваў, маюць быць узгодненыя. Зазвычай урад Беларусі сам вырашае, дзе будаваць. Аднак калі гэта будзе ля мяжы ў Украінаю, то ўзгадненне мае быць абавязковым», – заявіў Паскевіч.

Украіна будзе чакаць экспартавай ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе, складу і абʼёму планаваных выкідаў, праекту сістэму бяспекі. А таксама вынікаў аналізу геалагічных, гідралагічных і прыродных умоваў. Сяргей Паскевіч таксама развейвае створаны Саветам Міністраў міф пра тое, што месца захавання зробіцца тэрыторыяй эканамічнага развіцця.

«На справе гэта вялікія выдаткі, якія не прынясуць увогуле ніякага прыбытку, таму што гэта будзе абыходжанне з адкідамі», – развёў рукамі эксперт з Украіны.

Сярэдне- і нізкаактыўныя адкіды з БелАЭС будуць (магчыма, праз палову Беларусі) звозіць у новы пункт. Адтуль – на перапрацоўванне ў Расею і назад. Высокаактыўныя адкіды будуць захоўвацца на тэрыторыі БелАЭС. Сяргей Паскевіч лічыць, што танней для Беларусі было б сварыць пункт захоўвання ўсіх адкідаў АЭС беспасярэдне каля станцыі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»