Чаму сілавы супраціў стаў папулярным?


Усё гучней пра сілавы сцэнар зрынання рэжыму ў Беларусі. Хвалюецца і Лукашэнка, які ўжо некалькі разоў узгадваў пра беларускіх ваяроў. А сотні беларусаў у адной толькі Польшчы запісаліся на спецыяльны трэнінг у межах плану «Перамога». І яшчэ нямала ахвочых. Заяўляе кіраўнік «ByPol», прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Аляксандр Азараў. Чаму ў свядомасці дэмакратычна настроеных беларусаў адбываецца зрух – ад мірнага пратэсту да больш радыкальных крокаў? І ці ёсць сілавы супраціў легітымным спосабам змяніць уладу?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«ByPol» рыхтуе свае харугвы. Гаворка пра абʼяднанні беларусаў, якія будуць займацца спортам, адзінаборствамі і стралковаю падрыхтоўкаю. Паводле кіраўніка «ByPol» Аляксандра Азарава, добраахвотнікаў болей як дастаткова.

«Чарга – 800 чалавек. І падрыхтоўка кожнага чалавека каштуе грошай – больш за 700 еўраў. Сродкі абмежаваныя, таму мы не можам падрыхтаваць усіх, хто хоча. Таму ствараем харугвы, каб людзі маглі займацца ўласным коштам ці ў вольны час. Каб з іх можна было выбраць найлепшых для далейшага навучання», – сказаў Аляксандр Азараў у інтэрвʼю «Белсату».

Ідэю нацыянальна-вызваленчага руху агучылі на канферэнцыі «Новая Беларусь» сёлета ў жніўні. А ў Абʼяднаны пераходны кабінет увайшлі адразу два прадстаўнікі з досведам службы ў сілавых структурах: Аляксандр Азараў і Валерый Сахашчык. Некаторыя аналітыкі лічаць гэта паваротным момантам.

«Мірны пратэст у дэмсілах канцэптуальна пахаваны. Два гады таму дрэнным тонам было казаць пра сілавы супраціў. Цяпер гэта мэйнстрым, адвакатам сілавога развязання ніхто болей не пярэчыць. Відавочны ўплыў вайны на дыскурс», – пісаў палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Вайна – не адзіная прычына такой перамены настрояў. Беларусы расчараваліся ў мірным пратэсце, на які ўлады адказалі гвалтам і рэпрэсіямі, адзначае палітолаг Павел Усаў.

«Трансфармацыя з мірнай свядомасці ў свядомасць сілавую сведчыць пра тое, што беларусы ўжо не гатовыя прабачаць. Яны не гатовыя забыцца, яны не гатовыя замесці ўсе злачынствы, зробленыя за гэтыя два гады, пад дыван», – мяркуе Павел Усаў.

Абʼяднаны пераходны кабінет – не адзіны палітычны асяродак, што разглядае магчымасць сілавога супраціву. Байцы палка Каліноўскага, якія ваююць на баку Украіны, не раз намякалі, што пасля перамогі над агрэсарам гатовыя вызваляць Беларусь. У сваіх публічных выступах пра полк Каліноўскага неаднаразова згадваў Лукашэнка. Хай сабе і з пагардаю.

«Якім бы пацешным гэты полк ні быў, у яго складзе ёсць радыкальна настроеныя байцы, якія ставяць за мэту дэстабілізацыю абстаноўкі ў нашай краіне», – сказаў Лукашэнка падчас нарады з сілавікамі.

Але функцыянеры рэжыму сцвярджаюць, што ўзброеныя аддзелы беларусаў, якія існуюць за межамі краіны, не маюць шанцаў у сутыкненні з лукашэнкаўскімі сілавікамі.

«Яны на мяжы будуць знішчаныя. Ніхто сюды не прыбудзе, ніхто абстаноўкі не дэстабілізу. Любы вораг, які паспрабуе нешта зрабіць у Рэспубліцы Беларусь, будзе знішчаны», – заявіў Мікалай Карпянкоў, камандуючы ўнутранымі войскамі

Аднак, паводле Аляксандра Азарава, сілавы супраціў не азначае маштабных баявых дзеянняў.

«Паводле планаў, напрыклад, Генеральнага штабу, каб наступаць на войска, трэба мець войска ў пяць разоў большае. Таму наш план больш хітры і скіраваны на іншае», – кажа Аляксандр Азараў.

Пра план «Перамога» было заяўлена на міжнародным узроўні. Яго Святлана Ціханоўская прэзентавала прэзідэнту Польшчы Анджэю Дуду. Але як сусветная супольнасць паставілася б да сілавой змены ўлады ў Беларусі? Ці не будзе такі сцэнар разглядацца як дзяржаўны пераварот, а новая ўлада як нелегітымная?

«Лукашэнка нелегітымны для большасці насельніцтва краіны і замежных гульцоў. Ён утрымлівае ўладу антыканстытуцыйнымі сілавымі метадамі. У яго няма падтрымання насельніцтва. Таму не можна ніякае дзеянне, накіраванае супраць улады Лукашэнкі, лічыць дзяржаўным пераваротам», – мяркуе палітолаг Павел Усаў.

На думку Паўла Усава, Лукашэнка нелегітымны нават двойчы. Спачатку ён учыніў канстытуцыйны пераварот у 1996-ым годзе, потым незаконна ўтрымаў уладу ў 2020-ым. Таму сілавы супраціў, паводле палітолага, можна назваць канстытуцыйным метадам уздзеяння на неканстытуцыйны рэжым.

Валянцін Васіленка, «Белсат»