Еўразвяз рыхтуе новыя санкцыі


Аляксандр Лукашэнка мусіць пайсці пад міжнародны трыбунал за ўдзел у масавых катаваннях і рэпрэсіях. Такі заклік прагучаў сёння падчас пленарнага паседжання Еўрапарламенту, прысвечанага Беларусі. Аб’яднаная Еўропа рыхтуе наступны пакет санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі: за працяг дзяржаўнага тэрору адносна грамадзянаў Беларусі ды арганізаваную масавую нелегальную міграцыю ў Еўразвяз.

«Аляксандр Лукашэнка здзейсніў дзяржаўны пераварот у Беларусі, і ягоны рэжым працягвае гвалтоўныя рэпрэсіі», – заявіла з трыбуны Еўрапарламенту бельгійская еўрадэпутатка Сара Матʼё.

Гэта першае пленарнае паседжанне, прысвечанае Беларусі, ад чэрвеня.

«Усё больш палітвязняў, працягваюцца рэйды на ўдзельнікаў мірных пратэстаў, прэса разгромленая. Гэтыя атакі на асновы дэмакратыі трэба спыніць проста цяпер. Таму давайце ўдарым Лукашэнку па бальным месцы. Давайце адрэжам грашовыя плыні рэжыму моцнымі санкцыямі ў крытычных сектарах, супраць кампаніяў, якія падтрымліваюць нелегітымны рэжым», – заявіла Сара Матʼё, якая ў Еўрапарламенце ўваходзіць у Камітэт міжнароднага гандлю.

У Еўразвязе патрабуюць ад афіцыйнага Менску спыніць рэпрэсіі і правесці новыя свабодныя выбары пад наглядам назіральнікаў АБСЕ. Але спачатку тэрмінова вызваліць палітвязняў.

«Сёння ў Беларусі – больш за 700 палітвязняў, у тым ліку мой добры сябар з беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў Павел Севярынец, якога пасадзілі ў жахлівую лукашэнкаўскую турму. Бацька Паўла памёр ад каронавіруса на мінулым тыдні, і Паўлу нават не далі шанцу пабачыць бацьку. Адзінае злачынства, якое здзейсніў Павел і такія, як ён, – гэта жаданне пабачыць Беларусь незалежнай, дэмакратычнай і квітучай», – прамовіла з трыбуны Еўрапарламенту Мірʼям Лексман з Падкамітэту бяспекі і абароны.

За дэкларацыю, узгодненую сёння, прагаласуюць у чацвер. Еўрапарламент заклікае Еўрапейскую Раду – кіраўнікоў дзяржаваў-чальцоў Еўразвязу – на наступным паседжанні праз 2 тыдні закрыць усе санкцыйныя лазейкі для рэжыму Лукашэнкі і ўвесці шырэйшыя санкцыі – супраць усіх дзяржаўных банкаў Беларусі, Белтэлекаму, сталеліцейнага, ляснога і хімічнага сектару, а таксама асобаў, датычных да дзяржаўнай прапаганды і да арганізацыі нелегальнай міграцыі праз Беларусь.

«Сёлета мы пабачылі больш за 6 тысячаў нерэгулярных мігрантаў, прыбылых праз мяжу з Беларусі ў Еўразвяз, хоць летась было ўсяго 150. Людзі родам з Іраку, а таксама з Конга, Камеруну, Сірыі», – падсумавала еўракамісарка ўнутраных справаў Ільва Югансан.

Еўразвяз дасылае ясны сігнал далёкім і блізкім саюзнікам Лукашэнкі.

«Пуцін адказны за ўсе злачынствы Лукашэнкі. Вось чаму Еўразвяз мусіць ясна заявіць, што калі Крэмль будзе працягваць сённяшнюю палітыку ў Беларусі, то атрымае дадатковыя санкцыі ды абмежаванні адносна Расеі», – папярэдзіў еўрадэпутат Андрус Кубілюс, былы прэм’ер-міністр Літвы.

Арганізаваны эмігранцкі крызіс на мяжы паглыбляецца. Польскія, літоўскія і латвійскія памежнікі за дзень перадухілілі 600 спробаў нелегальнага перакрочвання мяжы. На рацэ Буг польскі патруль знайшоў нелегальную пантонную пераправу. Раней пад памежным пунктам Новы Двор з беларускай тэрыторыі на польскую хтосьці закінуў муляж выбуховага прыстасавання.

«Адмовіўшыся ад супрацы з Еўразвязам, Лукашэнка паступова выконвае свае пагрозы навадніць Абʼяднаную Еўропу мігрантамі, наркотыкамі і нават радыеактыўнымі адкідамі», – заявіў Пятрас Аўштравічус, чалец дэлегацыі Еўрапарламенту ў стасунках з Беларуссю.

Польшча падрыхтавала некалькі грузавікоў гуманітарнай дапамогі для мігрантаў, якія застаюцца з беларускага боку, спрабуючы нелегальна перакрочыць мяжу. Гэта намёты, ложкі, коўдры і сродкі асабістай гігіены. Аднак ці ўпусцяць гэтыя грузавікі ў Беларусь, вырашае Менск. Афіцыйная Варшава падкрэслівае, што каб атрымаць палітычны ці таму падобны прытулак у Еўразвязе, можна падаць заяўку ў дыпламатычныя пляцоўкі і ў Менску, і ў любой дзяржаве Афрыкі і Азіі, і потым легальна перакрочыць мяжу.

«На жаль, мы не зафіксавалі росту падачы такіх заявак, з чаго можам зрабіць высновы, што гэтыя асобы не зацікаўленыя ў атрыманні статусу ўцекачоў, у атрыманні палітычнага прытулку. Яны проста нелегальныя, нерэгулярныя эканамічныя мігранты», – адзначыў Марцін Пшыдач, віцэ-міністр замежных справаў Польшчы.

Еўразвяз гатовы дапамагчы палітычным уцекачам з суседніх краінаў, але не тым, хто прыляцеў у Менск ці Горадню з мэтай нелегальна прабрацца ў Нямеччыну.

«Больш за 170 тысяч візаў Польшча выдала за апошні год беларусам, якія хацелі выехаць з палітычных, гаспадарчых, грамадскіх прычынаў. Было б вялізнаю несправядлівасцю, калі людзі, якіх пераследуюць з палітычных прычынаў у Беларусі або якія ўцякаюць з агорнутага хаосам Данбасу, мусілі б прасіць адпаведныя дакументы, візы ці стаяць у чэргах, каб прыехаць у Польшчу ці Еўразвяз, а тыя, хто прылятае сюды, прываблены дзеяннямі Аляксандра Лукашэнкі, маглі б перакрочыць мяжу абсалютна нелегальна», – тлумачыць Марцін Пшыдач.

Напярэдадні польска-беларускую мяжу наведаў выканаўчы дырэктар «Фронтэксу» – агенцыі аховы межаў Еўразвязу. Фабрыс Лежэры высока ацаніў дзеянні польскіх памежнікаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»