Іван Сафронаў пачуў вырак: 22 гады турмы нібыта за здраду дзяржаве


22 гады зняволення – у Расеі вынеслі вырак экс-журналісту Івану Сафронаву, прызнанаму вінаватым у дзяржаўнай здрадзе. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжанае 20 гадоў пазбаўлення волі. Аднак Сафронава абвінавачвалі ў двух эпізодах, што дазволіла суддзі вынесці большы тэрмін.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мог атрымаць 12 гадоў турмы, калі б прызнаў віну, але на ўгоду са следствам і сумленнем не пайшоў. Прызнаны вінаватым у дзяржаўнай здрадзе эхс-журналіст Іван Сафронаў выкрыкнуў: «Я ўсім напішу! Пішыце мне! Я вас люблю!»

Пасля 2-ух гадоў у арышце колішні рэпарцёр «Камерсанту» і «Ведамасцяў» Іван Сафронаў пачуў вырак: 22 гады турмы нібыта за здраду дзяржаве.

Паводле следчых, рэпарцёр перадаваў сакрэтную інфармацыю нямецкаму палітолагу і журналісту, якога следства лічыць агентам чэшскай выведкі. ФСБ РФ заяўляў:

«Сафронаў, выконваючы заданні адной са спецслужбаў NATO, збіраў і перадаваў яго прадстаўніку звесткі, якія складаюць дзяржаўную таямніцу, – аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, абароне і бяспецы Расейскай Федэрацыі».

Шэф-рэдактар аддзелу навінаў THE INSIDER Цімур Алеўскі лічыць справу расправай: Іван Сафронаў пра расейскую армію ведае вельмі шмат не таму што ён нейкі шпіён ці асабліва глыбока капаў тайныя дакументы з сейфа Шайгу. А таму што ў яго добрыя журналісцкія крыніцы і таму што ён умее думаць і супастаўляць факты і рабіць экспертызу, якая зазвычай адказвае рэчаіснасці.

Затрыманне Сафронава два гады таму выклікала пратэсты. Тады яшчэ магчыма было выйсці на вуліцу з плакатамі і не трапіць за гэта на содні. Сафронаў таксама не лічыць сябе здраднікам – кажа ягоны былы адвакат Іван Паўлаў. Абаронцу адхілілі ад справы за нібыта разгалошанне таямніцы следства.

«Большага ціску я не бачыў. Яму было забаронена мець зносіны са сваякамі. Першы раз ён убачыў маці ў судзе праз 2 гады. Яго ламалі», – заявіў Іван Паўлаў.

Пасля затрымання Івана вайсковы аналітык Павел Фельгенгаўэр у інтэрв’ю Радыё Свабода дапускаў, што ў шпіёнскай справе ёсць доля праўды.

«Відаць, у іх ёсць дадзеныя, што ён быў завербаваны. Я не ведаю, але хутчэй за ўсё яны ёсць», – словы Фельгенгаўэра.

Гэтая здагадка вынікала з таго, што ФСБ прыйшоў за Сафронавым па наводцы Службы Вонкавай выведкі. То бок сілавыя структуры, якія зʼяўляюцца канкурэнтамі, у гэтай справе абʼядналі намаганні.

Журналісты выдання «Праект» напярэдадні прысуду апублікавалі расследаванне аб матэрыялах, якія фігуруюць у справе. Дык гэтыя нібыта сакрэтныя звесткі аб ваеннай супрацы Расеі з Лівіяй, Сірыяй, Алжырам і Сербіяй ужо даўно гуляюць па інтэрнэце.

«Часам гэта былі дадзеныя з Вікіпедыі, часам з чужых нататак, часам з замежнай прэсы», – кажа Каця Арэніна з «Праекту».

Калі гэтыя звесткі даступныя любой асобе, не выпадае лічыць іх дзяржаўнай таямніцаю. Іван Паўлаў пра справу былога падабароннага кажа, як пра палітычную. І адзіны плюс у гэтым, што Сафронаў можа выйсці на волю, напрыклад, у межах абмену вязнямі паміж Расеяй і Захадам.

Юлія Цяльпук, Ян Маравіцкі, «Белсат»