«Жонка ў адстаўцы» – расследаванне каманды Навальнага аб былой жонцы Уладзіміра Пуціна


Вялізныя вілы, кватэры – як у Расеі, так і за яе межамі. Мільярды рублёў і высокія пасады – усё гэта атрымала кожная з пуцінскіх палюбоўніц. Пра гэта кажа безліч журналісцкіх расследаванняў. Толькі вось галоўная з крамлёўскіх жанчын – былая жонка Пуціна Людміла – нейкім чынам увесь гэты час быццам заставалася за дужкамі. Хоць яна гэтым сацыяльным ліфтам таксама скарысталася. І ездзіць на ім да гэтага часу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пра тое, як былая жонка прэзідэнта Расеі працягвае жыць у раскошы на грошы расейскіх падаткаплатнікаў, распавялі расследавальнікі з каманды Аляксея Навальнага. Гісторыя пачынаецца з жартаўлівага адказу Пуціна ў далёкім 2014-м годзе на пытанне, калі краіна ўбачыць ужо новую першую лэдзі?

«Мне спачатку сваю былую жонку Людмілу Аляксандраўну замуж трэба выдаць, а потым ужо і пра сябе падумаю», – заявіў Пуцін на прамой лініі ў 2014-м годзе.

«І тут Пуцін не схлусіў. Замуж яе выдаў літаральна ён сам. Сабраў шчодры пасаг – плату за 30 гадоў нешчаслівага шлюбу. Плату за тое, што адначасова з тым, як Пуцін змяняў палюбоўніц, заводзіў з імі дзяцей, адорваў з элітнай нерухомасцю, яна стаяла моўчкі побач і дапамагала яму ўвасабляць так любімыя Пуціным духоўныя скрэпы. Плату за тое, каб яна маўчала цяпер», – гаворыцца ў расследаванні.

Паводле звестак СМІ, Пуцін выдаў сваю былую жонку замуж за паспяховага прадпрымальніка, гарачага трыятланіста, а галоўнае – проста добрага мужчыну Артура Ачарэтнага, які на 20 гадоў маладзейшы за Людмілу. І пасаг, калі верыць расследаванню, сапраўды вялікі.

«Менавіта на Артура Ачарэтнага афармляюць вось гэтую цудоўную 450-метровую вілу за пяць з лішнім мільёнаў еўраў. Гэта 240 мільёнаў рублёў паводле курсу на той год. Віла размяшчаецца ледзь у баку ад Б’ярыц. Да вілы дачкі ехаць Людміле каля 10-ці хвілінаў. Артур Ачарэтны так шмат зарабіў на курсах асобаснага росту, што праз год пасля набыцця французскай вілы ён купляе яшчэ двухсотметровую кватэру тут у Давосе. Кватэра каштуе тры з паловаю мільёны франкаў, або 263 мільёны рублёў паводле курсу на 2016 год. У Малазе ў былой жонкі Пуціна мы знайшлі ажно дзве кватэры», – гаворыцца ў расследаванні.

Апроч кватэраў, дамоў і наваспечанага мужа Людміла ў якасці водкупу атрымала і цёплую пасаду ў так званым «Цэнтры развіцця расейскай мовы».

«Праект аказаўся абсалютнай пустышкай, няўмелым піярам пад абстрактнымі лозунгамі аб расейскай мове, з абяцаннямі сацыяльна-культурных пераўтварэнняў і фармавання станоўчага вобразу Расеі за мяжой. Што такія фармулёўкі звычайна значаць? Правільна, крадуць», – гаворыцца ў расследаванні.

На рахункі былой першай лэдзі і ейнага новага мужа кожны год з Цэнтру расейскай мовы пералічваюцца сотні мільёнаў рублёў. Фармальна на абарону вялікай расейскай мовы, а фактычна на кішэнныя выдаткі маладой сям’і, замежныя паездкі і заняткі Артура Ачарэтнага трыятлонам.

«Мы вывучылі іхныя банкаўскія праводкі за апошнія тры гады. Тры самыя буйныя фундатары цэнтру – гэта мэрыя Масквы, “Газпромбанк” і “Северсталь” блізкага да Пуціна алігарха Аляксея Мардашова», – гаворыцца ў расследаванні.

Вось толькі грошы расейцаў апетытаў Людмілы так і не наталілі. У якасці офісу былая жонка расейскага прэзідэнта запытала сабе асабняк Валконскага на Ваздвіжанцы, які належаў дзеду Льва Талстога і раней насіў ахоўны статус як абʼект культурнай спадчыны. Людміла вырашыла зрабіць рамонт у будынку.

«Асобна цяпер гэты будынак назваць дастаткова складана. Гэта офісны цэнтр. Будынак прырос двума паверхамі, купал змянілі і паднялі наверх. Але цяпер вакол яго сцены і нейкі імправізаваны шкляны балкон. Вышэй па вуліцы да асабняка прыбудавалі яшчэ адзін будынак. Падобнае, накшталт як, па стылістыцы, але абсалютны навабуд», – гаворыцца ў расследаванні.

Людміла разам з мужам Артурам да гэтага часу не трапілі ў санкцыйныя спісы большасці заходніх краінаў. Расследаванне, як спадзяюцца аўтары, зменіць гэтую сітуацыю і прыцягне да знакамітай пары больш увагі еўрачыноўнікаў. З дочкамі Пуціна і ягонымі палюбоўніцамі гэта спрацавала.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»