«Банкі ўжо вычарпалі ліміт прыняцця на сябе рызыкаў з неплатаздольнымі прадпрыемствамі»


Cамаабвешчаны кіраўнік Беларусі спрабуе прымусіць гаспадарку маршыраваць паводле загаду. Гэтак, Нацбанк паступова засакрэчвае звесткі пра золата-валютныя рэзервы. Са жніўня інфармацыя аб міжнародных рэзервовых актывах будзе публікавацца без дэталізацыі – чаго і колькі засталося – і без пазначэння прычынаў іх росту ці… падзення. Але чаго гарантавана робіцца больш, дык гэта праблемаў у гаспадарцы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Крыніцы валюты перасыхаюць: за паўгода экспарт беларускіх калійных угнаенняў упаў на палову. Пра гэта ў справаздачы піша канадская кампанія «Nutrien». І гэта ў час высокіх коштаў на калій-хлор.

Гаспадарка сохне ад антываенных санкцыяў – што рабіць? У Берасцейскім абласным выканкаме адбылося адмысловае паседжанне. Сталічныя госці патрабавалі ад мясцовых апаратчыкаў знайсці спосабы падняць рэгіянальны валавы прадукт. У тым ліку пераарыентаваць кірункі гандлю і знізіць выдаткі.

«Якія суадносіны мусяць быць у бюджэце між галінамі, якія мусяць прыносіць прыбытак, і на якія мы выдаем?» – асцярожна пытаў Аляксандр Чарвякоў, міністр эканомікі ўраду Лукашэнкі.

Апроч міністра эканомікі з Менску прыехалі: былы кіраўнік КДБ, а цяпер памочнік Лукашэнкі Валерый Вакульчык, віцэ-старшыня Вярхоўнага суда Юрый Кобец і кіраўнік Нацбанку Павел Калаур, які зрабіў даволі моцную заяву.

«Банкі ўжо, можна сказаць, вычарпалі ліміт прыняцця на сябе рызыкаў з неплатаздольнымі прадпрыемствамі. Таму тут застаюцца толькі дзве ўмовы: альбо гарантыі ўраду, альбо гарантыі аблвыканкаму», – заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банку.

Пра што гаворка? У Беларусі цэлая арда заводаў-зомбі – нерэнтабельных прадпрыемстваў, якія існуюць толькі за кошт дзяржаўных датацыяў, ільготных крэдытаў, а самі на нагах не стаяць, тлумачыць доктар Яраслаў Кот, дарадца Асацыяцыі беларускіх бізнесаў за мяжой (ABBA):

«Той жа “Інтэграл” незразумела што распрацоўваў. Усе распрацоўкі, якія ён рабіў, яны састарэлі ва ўсім свеце. Абсалютна штучна падтрыманыя прадпрыемствы. Але электарату, які падтрымлівае ўрад, гэта трэба».

Як тлумачыць эксперт, дзяржава прымушае банкі даваць нерэнтабельным прадпрыемствам ільготныя крэдыты – банкі перакладваюць гэтыя рызыкі на іншых кліентаў. Але больш не могуць – заявіў у Берасці кіраўнік Нацбанку. Праўда, словы Паўла Калаура пазней зніклі з дзяржаўных медыяў, засталася толькі заява, што траціна ўсіх крэдытаў у Беларусі – ільготныя: 30 % крэдытаў – з ільготнай стаўкай 6 %.

Але гэта дзяржаўная палітыка – спрабаваць камандаваць эканомікай, а не карыстацца рынкавымі механізмамі.

«Зноў грошай прывязем, зноў увалім сюды – а яны зараз праспяць. Трэба міліцыя, армія – кінем усе сілы. Расбэсціліся да крайнасці!» – равеў на падначаленых Аляксандр Лукашэнка, наведваючы ў пятніцу аграгаспадаркі ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці.

Пакуль Аляксандр Лукашэнка асабіста кантраляваў прыборку ўраджаю ў кожнай вобласці, міжнароднае рэйтынгавае агенцтва «S&P Global Ratings» панізіла крэдытныя рэйтынгі ў замежнай валюце Беларусі да выбарачнага дэфолту, а па еўрааблігацыях – да дэфолту.

«Еўрапейскія структуры, міжнародныя структуры і еўрапейскія прыватныя буйныя гульцы не будуць укладваць, узаемадзейнічаць з дзяржавай. Для іх гэта небяспечна, немэтазгодна. Фактычна эканоміка для іх прызнаецца aняіснай. Апроч гэтага, як рынак Беларусь ужо не расцэньваецца», – тлумачыць Яраслаў Кот.

Не можаш выплаціць замежныя пазыкі – не атрымаеш новых.

А ўсё таму, што прызначаныя Лукашэнкам чыноўнікі настойваюць на аплаце пазыкаў у беларускіх рублях, якія яны могуць самі друкаваць у неабмежаванай колькасці. Так, як спрабуюць зрабіць у Маскве.

«Самі плацяжы не праходзяць, або праходзяць з цяжкасцю ў замежнай валюце – у сувязі з санкцыямі – і ў выніку ўзніклі праблемы з бягучымі плацяжамі», – распавяла ў эфіры «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца BEROC Настасся Лузгіна.

Раней пра дэфолт Беларусі ў замежным доўгу абвесцілі рэйтынгавыя агенцтвы Moody’s і Fitch.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»