«У тактычных пытаннях яны служаць Лукашэнку, а ў стратэгічных стануць на бок Расеі», – Алег Талерчык


Начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення Станіслаў Валюк – нарадзінец Казані, там жа нарадзіўся дзейны дзяржсакратар Савету бяспекі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вальфовіч, а начальнік Генштабу галоўнага ўпраўлення Узброеных сілаў Беларусі Руслан Касыгін – нарадзінец Крыму.

«У 2014 гэты нарадзінец украінскага Крыму адкрыта вітаў расейскую акупацыю паўвостраву, і рабіў гэта цяперашні галоўны разведчык краіны, размяшчаючы фота з каментаром на старонцы ў «Аднакласніках», – распавядаецца ў новым роліку ініцыятывы «ByPol».

Расследаванне паказвае, што пераважная большасць найвышэйшых афіцэрскіх чыноў нашай краіны нарадзіліся або вучыліся ў Расеі, ці працавалі ў расейскіх спецслужбах. Адзін з аўтараў роліка, былы старшы пракурор Генеральнай пракуратуры Алег Талерчык, тлумачыць такую сітуацыю спадчынай Савецкага Саюзу, калі Беларусь уваходзіла ў Заходнюю вайсковую акругу.

«Нашая краіна, а тады БССР, была нашпігаваная савецкімі войскамі. І ўсе цяперашнія вышэйшыя чыны арміі – нашчадкі тых вайскоўцаў што служылі ў савецкай арміі, будучы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Той жа Хрэнін, той жа Вальфовіч – дзеці вайскоўцаў, якія праходзілі службу ў Заходняй вайсковай акрузе», – кажа Талерчык.

Беларусь для гэтых людзей не радзіма, яны не ведаюць ні яе мовы, ні яе гісторыі. Дэпутат 12-га склікання Сяргей Навумчык падкрэслівае, што Беларускі народны фронт звяртаў увагу на гэтую праблему яшчэ на пачатку незалежнасці краіны.

«Гэта было з 92-га года, калі было ўтворанае Міністэрства абароны, і фармаваліся Узброеныя сілы, і тады БНФ патрабаваў, каб беларускае войска фармавалася найперш з тых, хто нарадзіўся ў Беларусі», – узгадвае Навумчык.

Але за гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі сітуацыя не змянілася. І Талерчык лічыць такую тактыку свядомай ды падкрэслівае, што яна дзее не толькі ў арміі, але і ў іншых дзяржаўных структурах.

«Паколькі Лукашэнка не звязвае сябе з беларускай нацыяй, – мы памятаем, як ён адзываўся пра беларускую мову, – ён атачыў сябе людзьмі, што будуць служыць яму, бо служыць ім больш няма каму, яны не атаясамліваюць сябе з Беларуссю і беларускім народам. Яны служаць яму», – кажа Талерчык.

Асабіста Лукашэнку мае служыць і Галоўнае разведвальнае ўпраўленне, інфармацыю пра структуру і працу якога апублікавала ініцыятыва «ByPol». Штаб арганізацыі, паводле расследавання, месціцца ў Менску на вуліцы Грушаўскай, і афіцыйна лічыцца вайсковай часткай нумар 117-09.

«Гэта і ёсць той самы славуты дзявяты аддзел ГРУ, на базе якога ў 2014-м годзе было створанае дыверсійнае спецпадраздзяленне для ліквідацыі палітычных апанентаў рэжыму Лукашэнкі за мяжой», – адзначаецца ў роліку.

Паводле «ByPol», апроч базы ў Менску ў мікрараёне Масюкоўшчына, таксама замаскаванай пад вайсковую частку, дзявяты аддзел ГРУ мае вайсковыя пункты ў Горадні і Берасці:

«Чаму выключна заходняя мяжа нашай радзімы? Чые інтарэсы насамрэч мае абараняць беларуская вайсковая выведка? Адказы прапаноўваем шукаць у трызненнях дыктатара пра гатовасць касцямі пакласціся пад натаўскія танкі, закрываючы сабой Маскву».

Аўтары роліка падкрэсліваюць, што змушаныя раскрыць інфармацыю пра сакрэтныя аддзелы беларускай арміі менавіта таму, што служаць гэтыя падраздзяленні не Беларусі, і нават не Лукашэнку.

«Яны падпарадкоўваюцца Лукашэнку, у тактычных пытаннях служаць яму, а ў стратэгічных стануць на бок Расеі, мы так мяркуем», – адзначае Талерчык.

У тым, што цяперашняя беларуская армія не будзе абараняць Беларусь у выпадку пагрозы з Расеі, перакананы і Навумчык:

«Больш за тое, не трэба Пуціну танкі ўводзіць ці самалёты, яны самі ўсё зробяць. Як толькі будзе каманда Пуціна, яны тут жа падымуць расейскія сцягі і ператвораць гэтае войска за пяць хвілін у расейскае».

Бараніць жа незалежнасць Беларусі трэба пачынаючы ад самага верху, сцвярджае палітык, ад замены галоўнакамандуючага Лукашэнкі, які сёння і ёсць найбольшай пагрозай для незалежнасці.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»