Офіс Ціханоўскай у Літве атрымаў дыпламатычны статус


Міністэрства замежных справаў Літвы правяло супольны брыфінг са Святланай Ціханоўскай. На ім міністр МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс выказаў падтрымку беларускай дэмакратычнай супольнасці і ўручыў Святлане Ціханоўскай пасведчанне аб дыпламатычнай акрэдытацыі.

«Літва прызнае волю беларускага народу, якая не была рэалізаваная падчас выбараў. І гэтаму выбару і прадстаўнікам гэтага выбару Літва дае магчымасць працаваць і ў нашай дзяржаве, пакуль у самой Беларусі не будзе ўлічаная воля народу. Я вельмі рады гэтаму. І думаю, што гэта працяг падтрымання гэтым і папярэднім урадам беларускага народу і Святланы Ціханоўскай тут, у Літве», – прамовіў міністр МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

Віленскі офіс Святланы Ціханоўскай і дагэтуль працаваў на законных падставах, але дыпламатычны статус – гэта новы ўзровень, які надае больш гнуткасці ў дыпламатычнай працы і міжнародных стасунках. Надалей офіс Ціханоўскай будзе аказваць юрыдычную дапамогу беларусам за мяжой, напрацоўваць гандлёва-эканамічныя і палітычныя кантактаў, займацца інфармаваннем замежнай супольнасці аб сітуацыі ў Беларусі.

«З мінулага лета беларусы былі ўдзячныя за падтрыманне ад літоўцаў, якія ведаюць кошт свабоды. Сённяшняя прэзентацыя дыпламатычнага статусу для нашага офісу – гэта важны крок, каб дэлегітымізаваць рэжым Лукашэнкі і пацвердзіць новую беларускую большасць», – прамовіла Святлана Ціханоўская.

Якім чынам такое рашэнне адаб’ецца на рэжыме? Адказвае палітолаг Андрэй Казакевіч:

«Аўтаматычна гэта не ёсць нейкай вялікай трагедыяй для ўладаў Беларусі. Бо гэта не ёсць механізмам, які б мог істотна паўплываць на ўнутрыпалітычную сітуацыю, але гэта ўсё-такі дадатковы фактар ізаляцыі ўладаў Беларусі».

Якраз цяпер у стасунках паміж Беларуссю і Літвой моцны палітычны крызіс, гэта датычыць як санкцыйнай, так і міграцыйнай палітыкі. Літва штодзень фіксуе ўсё новыя і новыя рэкорды ў колькасці незаконных мігрантаў, затрыманых на мяжы з Беларуссю.

«Гэтае рашэнне рыхтавалася даўно, былі пройдзеныя розныя бюракратычныя працэдуры, насамрэч быў прыняты адмысловы закон, каб дазволіць Офісу Святланы Ціханоўскай атрымаць такі статус. Таму наўпроставай сувязі з крызісам на мяжы, з тым, што адбываецца цяпер у выглядзе нелегальнай міграцыі, гэта наўпрост не звязана», – тлумачыць прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у міжнародных справах Валерый Кавалеўскі.

Дыпламатычная акрэдытацыя Офісу Святланы Ціханоўскай ніяк не паўплывае на працу амбасады Беларусі ў Літве.

«Сітуацыя (паміж Беларуссю і Літвой – заўв. рэд.) і так вельмі кепская і пытанне ці можа яна стаць яшчэ горш, хутчэй рытарычнае», – мяркуе палітолаг Андрэй Казакевіч.

Пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў Літва была першай краінай, якая прызнала Святлану Ціханоўскую законным лідарам Беларусі і не прызнала Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам. Сёння на брыфінгу Святлана Ціханоўская яшчэ раз выказала ўдзячнасць ураду і прэзідэнту Літвы за падтрыманне беларусаў і дэмакратыі ў Беларусі. Офіс Ціханоўскай вядзе перамовы аб адкрыцці сваіх прадстаўніцтваў і ў іншых краінах Еўразвязу.

Ірына Карніенка, Белсат