Урад Беларусі дасць дазвол на «шэры» імпарт


Калі экспарт прасядае на 18 мільярдаў долараў, а імпарт не хоча замяшчацца – затыкаць дзіркі пачынаюць не зусім этычнымі законамі. Урад Беларусі распрацоўвае акт, які дазволіць бізнесоўцам завозіць у краіну партыі «лічбавых» санкцыйных тавараў. На што разлічвае беларускі дыктатар, даючы зялёнае святло імпарту ў Беларусь тавараў і праграмнага забеспячэння кампаніяў, якія пакінулі расейскі і беларускі рынкі пасля пачатку вайны? І ці варта насельніцтву ганяцца за шэрым імпартам?

Спачатку Масква, а за ёю – Менск, вырашылі затрымаць кампаніі, якія пакідаюць іхныя рынкі… – заявілі, што не стануць замінаць бізнесоўцам увозіць у краіну тавары пэўных брэндаў без дазволу праваўладальніка. Гэта значыць – хочаце нам прадаваць або не, мы гэта набудзем… Расейскі эканаміст і прадпрымальнік Дзмітрый Патапенка кажа:

«Беларусь, я думаю, гэта робіць, каб адлюстраваць сябе той самай пракладкай, якая можа праз сябе прапампаваць нейкі аб’ём для Расейскай Федэрацыі. Напрыклад, можна некаторыя тавары завезці праз Казахстан у Беларусь ад кампаніі, напрыклад, Sumsung».

Калі ўмоўны Sumsung або Apple сапраўды не хочуць прадавацца ў Расеі ці Беларусі, яны могуць адключыць абнаўленні праграмнага забеспячэння прыладаў або блакаваць, як скрадзеныя, мадэлі ўсёй партыі, якая патрапіла ў шэрую схему.

«Цяпер тавары адсочваюцца стоадсоткава. Любыя тавары, нават страшна сказаць. Мы з вамі зараз гаворым пра нейкую электроніку, але абсалютная ілюзія, што, напрыклад, украінскае збожжа ці метал можна неяк закапаць. Цалкам зразумела, куды тавары трапляюць».

Аператыўна-сітуацыйны штаб пры Саўміне Беларусі тым не менш легалізуе паралельны імпарт тавараў, праграмнага забеспячэння і іншых абʼектаў у лічбавай галіне без дазволу праваўладальнікаў.

«Устанаўленне гэтай часовай захады накіраванае на недапушчэнне дэфіцыту тавараў імпартнай вытворчасці і насычэнне спажывецкага рынку», – заявіў Саўмін Беларусі.

Абсталяванне, тавары і паслугі масавага спажывання абавязкова сутыкнуцца з праблемамі ў эксплуатацыі, – лічыць эканаміст і прадпрымальнік Дзмітрый Патапенка. Таму так званы паралельны імпарт, уведзены Пуціным, а цяпер і Лукашэнкам, мае патэнцыял толькі па некаторых пазіцыях.

«Дзе не шмат электронікі… Можна будзе завезці праз краіны трэцяга свету нейкія пральныя машыны, мікрахвалёўкі, кавамолкі, кававаркі… І ёсць вялікая верагоднасць, што вы не трапіце пад блакаванне».

Калі казаць аб праграмным забеспячэнні, набытым насуперак эмбарга праваўладальніка, рызыкі вялікія – заявіў у інтэрвʼю «Зеркало» навуковы супрацоўнік цэнтру BEROC Алег Мазоль.

«Завезенае абсталяванне, якое не мае адпаведных ліцэнзіяў, таксама могуць у любы момант заблакаваць, што пагражае не толькі прыпыненнем вытворчасці, але і тэхнагеннымі катастрофамі», – лічыць Алег Мазоль.

Да 2022-га года, як гэта прынята ў большасці краін свету, у Беларусь і Расею было забаронена ўвозіць ладункі, абароненыя таварным знакам уладальніка. Імпартаваць прадукцыю брэндаў маглі толькі праваўладальнікі або іх афіцыйныя дылеры.

Юлія Цяльпук, «Белсат»