Больш паўнамоцтваў у Савету бяспекі


Падвышаецца роля Савету бяспекі Беларусі. Пра гэта сведчыць дакумент, апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым партале. Ён надае Савету больш паўнамоцтваў у, цытата, «пытаннях абароны незалежнасці і канстытуцыйнага ладу, падтрымання міру і згоды, супрацьдзеянню экстрэмізму і тэрарызму».

«Так Лукашэнка ўзмацняе ролю Савету бяспекі, хутчэй за ўсё, каб на наступным этапе, у тым ліку праз Канстытуцыю, увесці гэты орган як больш моцны ў сістэму ўлады Беларусі», – кажа аналітык Украінскага Інстытуту Будучыні Ігар Тышкевіч.

У адпаведнасці з новымі нормамі прывядуць законы пра надзвычайнае і ваеннае становішча. Гэта даручылі зрабіць Савету міністраў цягам месяца.

«Тут можа быць і з пункту гледжання абмежавання правоў і свабодаў падчас надзвычайнага або ваеннага становішча. Зважаючы на папярэднія змены заканадаўства – пра медыі, пра масавыя акцыі, пра абарону нацыянальнае бяспекі ды іншыя», – мяркуе Ігар Тышкевіч.

Новаю пастановаю ўлады працягваюць працэс легалізацыі Дэкрэту Лукашэнкі «Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу».

«Што калі ў іх атрымаецца замах на прэзідэнта? Скажыце, заўтра няма прэзідэнта – што? Вы гарантуеце, што ўсё будзе нармальна? – Не!», – казаў Аляксандр Лукашэнка раней.

Згодна з дэкрэтам № 2 у выпадку смерці кіраўніка краіны ўлада пераходзіць Савету бяспекі, кіраўніком якой замест прэзідэнта робіцца прэм’ер-міністр. Але пастановы будзе выносіць увесь Савет праз таемнае галасаванне. Пры гэтым на тэрыторыі краіны неадкладна ўвядуць надзвычайнае або ваеннае становішча. А галоўнай задачай Савету бяспекі робіцца правядзенне прэзідэнцкіх выбараў.

Ці падтрымліваюць беларусы такія захады, мы запыталіся на вуліцах Менску:

«Ён шукае шляхі адыходу, ведае, што ён ужо ніхто, і спрабуе схавацца. А каб яго не шукалі – магчыма, гэтыя хлопцы з бяспекі яго трошкі прыкрыюць».

«Мы маем прыклады гэтых самых азіятаў ды іншых, дзе вайскоўцы прыйшлі да ўлады і ўжо паўгода там невядома што адбываецца – мітынгі, трупы і трупы».

«Пасля гібелі прэзідэнта, так бы мовіць, пытанне: ці захавае гэты дэкрэт моц, бо гэта супярэчыць Канстытуцыі».

«Усё, што цяпер адбываецца, – прававы дэфолт. І таму, калі здарыцца такая сітуацыя, то будзем глядзець».

«Мае не тое каб застрашлівы, а папераджальны характар: маўляў, калі мяне не будзе, то вам будзе дрэнна».

На гэты момант пераход улады да Савету бяспекі застаецца па-за межамі Канстытуцыі. Паводле яе, у выпадку, калі пасада прэзідэнта з тае або іншае прычыны застаецца вакантнаю, яго паўнамоцтвы пераходзяць да прэмʼер-міністра.

Ірына Карніенка, «Белсат»