Беларусы пратэстуюць на польскай мяжы


На памежным пункце «Бераставіца – Баброўнікі» паўстала сапраўднае намётавае мястэчка. Бестэрміновую акцыю анансаваў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Яе мэта – запатрабаваць ад уладаў Беларусі адкрыць наземныя межы ды нагадаць еўрапейскім палітыкам пра неабходнасць далейшых крокаў ціску на рэжым.

«10 месяцаў нашых сустрэч і кансультацый паказалі, што вельмі шмат словаў і заяваў, круглых сталоў і сустрэч, але абсалютна недастаткова крокаў. І мы чакаем, што Еўрапейскі звяз нарэшце прыме рашэнні, звязаныя з санкцыямі да рэжыму, эканамічнымі санкцыямі», – кажа Павел Латушка.

Таму, калі ў наступныя дні Еўрапейскія палітыкі не пяройдуць да актыўных дзеянняў у дачыненні рэжыму Лукашэнкі, удзельнікі акцыі плануюць перакрыць на беларуска-польскай мяжы рух цяжкавікоў.

«Калі мы будзем пераконваць месяцамі, гадамі, то гадамі будзе існаваць і гэты рэжым. Людзі будуць гінуць у турмах. Мы бачым, што там адбываецца! Прыйшоў час не словаў, а дзеянняў!», – дадае Павел Латушка.

У першы дзень удзел у пікетаванні мяжы ўзялі больш за сто беларусаў, якія жывуць у Польшчы.

Падтрымалі акцыю і польскія палітыкі.

«Мы мусім выказаць нашую салідарнасць з Беларуссю больш практычна, чым цяпер. Ужо недастаткова словаў – патрэбныя санкцыі. Я дам рады. Я ведаю, што еўрапейская гаспадарка справіцца з санкцыямі супраць беларускага рэжыму, а вось у таго будуць праблемы», – кажа дэпутат Сейму Польшчы Робэрт Тышкевіч.

Арганізатары акцыі заклікаюць далучыцца да яе і прадстаўнікоў дыяспары ў іншых краінах.

Алесь Баразенка, «Белсат»