У Беларусі адбыўся Дзень друку без незалежных выданняў


Дзень друку – савецкае свята, менавіта ў гэты дзень, 5 траўня 1912 года, выйшаў першы нумар газеты «Праўда». Сёння не засталося амаль ніводнага беларускага незалежнага сацыяльна-палітычнага друкаванага выдання, а тыя, што выходзяць ды арыентаваныя на беларусаў, вымушаныя гэта рабіць па-за межамі нашае краіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На пачатак 2020 года ў нашай краіне было зарэгістравана 1614 друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Сярод самых вядомых цэнтральных дзяржаўных выданняў – «СБ-Беларусь сегодня», «Народная газета», «Звязда», адрозніць якія паводле фармату і напаўнення фактычна немагчыма.

Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт:

«Вялікая частка прапаганды, якая робіцца праз папяровую прэсу, проста не трапляе да аўдыторыі. Гэтую газету набываюць, але выкарыстоўваюць яе як тэлепраграму, як красворды і гэтак далей».

Апрача прапагандысцкіх штампаў, на старонках лукашэнкаўскай перыёдыкі амаль паўсюдна сустракаецца мова варожасці, падмена паняццяў і нянавісць да ўсяго, што пярэчыць афіцыйнаму курсу. Гэтак, у нядаўнім артыкуле ў газеце Адміністрацыі Лукашэнкі «СБ-Беларусь сегодня» сцвярджаецца, што расейскія жаўнеры вызваляюць Украіну, цытата, ад «бандэраўскіх недабіткаў, у тым ліку і ў нашых інтарэсах».

Газета «СБ-Беларусь сегодня» сцвярджае:

«Савецкі народ разлічваў, што жмудзіны, латгалы і чухонцы самі паступова разбяруцца са сваймі вылюдкамі. Выйшла наадварот: менавіта вылюдкі, спадчыннікі эсэсаўцаў і ў пераносным, і ў прамым сэнсе, увайшлі ў кіроўныя колы прыбалтыйскіх дзяржаваў».

Асобнае месца ў дзяржаўнай прэсе, на якую сёлета выдаткавалі 8 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў, займаюць фэйкі, якія апошнім часам сталі яшчэ больш непрыкрытымі, чымся падчас масавых пратэстаў у 2020 годзе, адзначае аўтарка праграмы «Лукавыя навіны» на «Белсаце» Ганна Галёта:

«Да прыкладу, “Менская праўда” піша, што сотні людзей выйшлі на вуліцы Мадрыду супраць умяшання NATO ва Украіну і спансавання ЗСУ за кошт іспанскіх падаткаплатнікаў. Мы вырашаем паглядзець, што ж там піша іспанская прэса. І ў выніку аказваецца, што ў арыгінале гэта гучыць так: сотні людзей выйшлі на марш у Мадрыдзе супраць расейскай агрэсіі ва Украіне і магчымасці інтэрвенцыі NATO ва ўсходнюю краіну».

Сёння фактычна адзінае цэнтральнае незалежнае выданне, якое яшчэ друкуецца і распаўсюджваецца ў Беларусі, – гэта штомесячнік «Беларусы і рынак». Хваля паслявыбарчых рэпрэсіяў, якія пракацілася па друкаваных медыях летась і пазалетась, справакавала сыход з айчыннага рынку беларускай «Камсамолкі», а адная з самых папулярных незалежных газетаў – «Народная воля» – перастала друкавацца ў Беларусі.

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ:

«Такое таксічнае асяроддзе для друкаваных медыяў спарадзіла маштабны ўваход недзяржаўных медыяў у інтэрнэт. І тое, што ў беларускім інтэрнэце перавагу маюць незалежныя выданні, – гэта вынік ціску».

Сёння ў Беларусі за кратамі застаюцца 25 прадстаўнікоў беларускіх медыяў. Апошнім гэты спіс папоўніў карэспандэнт баранавіцкага выдання «Intex‑Press» Юрый Ганцарэвіч: сёння стала вядома, што супраць яго распачалі крымінальную справу за нібыта перадачу незалежным медыям відэа аб перамяшчэнні расейскай вайсковай тэхнікі.

Віталь Бабін, «Белсат»