Дэпрыватызацыя медыцыны: у Беларусі знікаюць прыватныя медычныя цэнтры


Прыватнага, то бок непадкантрольнага дзяржаве, у Беларусі ўсё менш. Не абыходзіць гэтая змрочная тэндэнцыя і айчынную медыцыну. Літаральна праз паўтара тыдня, на загад Міністэрства аховы здароўя, прыпыніцца дзеянне ліцэнзіяў буйных прыватных цэнтраў «Клініка А1» і «Ладэ».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вядомы выраз «быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца», аўтарства якога прыпісваюць у тым ліку Сталіну, у сённяшняй Беларусі сягнуў універсальнасці. Пазапланавае правяранне ад Камітэту дзяржкантролю і Міністэрства аховы здароўя найбуйнейшай прыватнай медычнай установы краіны – цэнтру «Ладэ» ў Менску і філіялаў у Берасці і Горадні – выявіла, як цвердзяць правяральнікі, цэлы шэраг найгрубейшых парушэнняў заканадаўства – ад запаўнення пратаколаў да надання дапамогі дзецям. У выніку, паводле пастановы міністэрства, ад 16 траўня дзеянне ліцэнзіі цэнтру «Ладэ» будзе прыпыненае.

«Гэтыя парушэнні ў сукупнасці могуць пацягнуць прычыненне шкоды дзяржаўным альбо грамадскім інтарэсам, жыццю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзянаў альбо стварыць пагрозу прычынення гэткай шкоды», – паведаміла ў сваім тэлеграм-канале Міністэрства аховы здароўя.

Адначасова чыноўнікі пастанавілі прыпыніць дзеянне ліцэнзіі і для іншага вядомага цэнтру – «Клінікі А1». Афіцыйна – таксама ў выніку шматлікіх парушэнняў заканадаўства. А як насамрэч? «Белсат» патэлефанаваў у абодва цэнтры.

Аляксандра, адміністратарка цэнтру:

«Афіцыйнай інфармацыі ў цэнтры цяпер няма, таму не зможам нічога пакуль што сказаць».

«БЕЛСАТ»:

«А сам цэнтр не працуе на дадзены момант?»

А.:

«Цэнтр працуе. На прыём можна запісвацца да спецыялістаў».

Устрымліваюцца ад каментароў праз адсутнасць на руках афіцыйных папераў ад Міністэрства аховы здароўя і ў цэнтры «Клініка А1». Пры гэтым дырэктарка цэнтру Алена Шарафановіч удакладняе, што насамрэч дзейнасць «Клінікі А1» прыпыненая яшчэ раней.

«У нас цэнтр не працуе ад 11 красавіка, бо прыходзіла санстанцыя і прыпыніла нашую дзейнасць у наданні медычных паслугаў. Таму пакуль што мы не можам яе аднавіць, бо яшчэ і Міністэрства аховы здароўя прыпыніць нам дзейнасць», – тлумачыць дырэктарка цэнтру.

Тым часам на навіну пра закрыццё буйных прыватных медычных цэнтраў ужо адрэагавалі і карыстальнікі сацыяльных сетак. У тэлеграм-канале «Белсату» мы запыталіся ў нашых гледачоў, ці карыстаюцца яны паслугамі прыватнай медыцыны і чаму.

Нашыя гледачы кажуць:

«Так, карыстаюся я і мае сваякі, і сябры. Якасць матэрыялаў і паслугаў вышэйшая. Дзяржаўная не мае забеспячэння. І калі нават ёсць платныя паслугі, яны не задавальняюць той колькасцю нерваў і часу, якія яны адымаюць».

«Ніколі не хаджу ў паліклініку, толькі платныя цэнтры. Зусім іншае стаўленне, няма чэргаў, усё дакладна, хутка».

«Карыстаемся ўсёй сям‘ёй. І калегі на працы таксама. Чаму? Таму што да вузкіх спецыялістаў, як неўролаг, можна трапіць праз месяц, а рэўматолага зусім няма».

«Сёлета падпісалі дамову на прыватнае абслугоўванне сям’і, 4 асобы. У дзяржаўнай бясплатнай медыцыне цалкам расчараваліся».

Ці здолее дзяржаўная медыцына з гэткім іміджам і, што галоўнае, магчымасцямі запоўніць сабою пустэчу пасля спынення дзейнасці прыватных лякарняў – пытанне, бадай, рытарычнае. Да недахопу медыкаў у Беларусі, які даўно ўжо вымяраецца тысячамі, дадаецца і адсутнасць імпартных лекаў і медычнага абсталявання, справакаваная санкцыямі за рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць мірных грамадзянаў, а таксама за саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны. Хто і чым будзе лячыць беларусаў? Адказу на гэтае пытанне Міністэрства аховы здароўя не дае.

Валера Руселік, «Белсат»