Заплаці, каб выехаць з Беларусі


Адно аўта – адна базавая. На тэрыторыі Гомельскай вобласці за кожны выезд за мяжу на аўце кіроўцам давядзецца заплаціць 29 рублёў – гэта больш за 11 долараў. Ад сплаты збору вызваляць ветэранаў, тых, хто едзе ў афіцыйнае камандзіраванне або мае від на жыхарства за мяжою. Адпаведнае рашэнне, прынятае Гомельскім абласным саветам дэпутатаў, апублікавалі сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, яно набудзе моц першага чэрвеня.

«Канечне, мяне гэта не цешыць, але ў любым выпадку я разумею, што цяпер бюджэт пусты, таму і прыдумляюць».

«Мы супраць, каб уводзілі, хай людзі ездзяць, перасоўваюцца, як яны хочуць».

«У людзей і так грошай няма, а тут яшчэ хочуць браць звыш нормы. Гэта нячэсна і несправядліва».

«Калі глядзець, якія гэта выплаты і колькі разоў я буду перасякаць мяжу, то гэта дастаткова стратна».

«Асабліва для людзей, якія другі год запар мараць выехаць куды-кольвек адпачыць», – кажуць жыхары Гомельшчыны.

Новаўвядзенне пачне дзеяць у сезон адпачынкаў, калі беларусы выязджаюць на ўкраінскія марскія курорты.

Улады Берасцейшчыны, якая таксама мяжуе з Украінаю, у адказ на петыцыю грамадзянаў з просьбаю не ўводзіць падатку паведамілі, што пытанне цяпер на стадыі вывучэння і прапрацоўкі.

«Навошта ўвогуле ўводзіць такія дадатковыя зборы, калі наадварот трэба ствараць умовы, каб людзі больш перасоўваліся, каб былі кантакты з іншымі краінамі, каб яны вялі памежны бізнес, каб ішло развіццё рэгіёнаў, а не ствараць штучныя перашкоды для перасоўвання людзей», – кажа праваабаронца Васіль Палякоў.

Што даюць дадатковыя аплаты – больш плюсоў ці мінусаў, мусіў быў паказаць прыклад Гарадзеншчыны. Мясцовы збор планавалі ўвесці з 1-га траўня, але дагэтуль пытанне ўзгадняецца ў Міністэрстве юстыцыі, дакладная дата набыцця рашэннем моцы дасюль не вядомая.

«Улады хочуць атрымаць дадатковыя фінансавыя рэсурсы ў свой бюджэт. Сітуацыя з рэсурсамі дрэнная сёлета, дэфіцыт у бюджэце значны, і ён расце, таму патрэбныя грошы, і ўлады шукаюць любыя магчымасці, каб гэтыя грошы атрымаць», – падкрэслівае палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Толькі наўрад ці мясцовыя бюджэты значна папоўняцца. Бо больш за чатыры месяцы таму ўлады краіны забаранілі выезд за мяжу праз наземныя пункты пропуску, істотна скараціўшы колькасць тых, хто мае права выехаць з Беларусі. Ці не пагражае нам з часам поўнае закрыццё межаў?

«Ім выгадна, каб з’язджалі адсюль людзі, якія не могуць знайсці працы, так званыя працоўныя мігранты, яны зацікаўленыя ў палітычнай міграцыі, каб людзі, якія пратэставалі, каб яны з’ехалі з краіны», – кажа Валер Карбалевіч.

А калі будуць з’язджаць са сваёй роднай краіны, каб яшчэ па 29 рублёў заплацілі за выезд.

Вольга Старасціна, «Белсат»