Вярхоўны суд вызначыць, дзе будуць судзіць Ціханоўскага, Статкевіча, Лосіка, Папова, Сакава і Цыгановіча


У судзе Фрунзенскага раёна Менска сёння затрымлівалі вядомую грамадскую актывістку Ніну Багінскую. Яна прыйшла ў суд, каб падтрымаць паплечнікаў. А ў Лідскім раёне затрымалі гарадзенскага журналіста-фрылансера Андрэя Фралова. Ён паведаміў сваякам, што яго затрымліваюць нібыта за непадпарадкаванне міліцыі. Цяпер ён – у СІЗА і чакае суду.

Тым часам праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 6 чалавек. Гэта Міхаіл Фірага, Вячаслаў Папоў, Віталь Шыцікаў, Валянцін Колб, Вадзім Чапялевіч ды Ігар Гарчанюк.

Абраза Лукашэнкі, абраза прадстаўніка ўлады ды гвалт або пагроза ўжывання гвалту над міліцыянтамі. Берасцейскай актывістцы і маці дваіх дзяцей Паліне Шарэндзе-Панасюк, якую больш за 4 месяцы трымаюць у следчым ізалятары, выставілі абвінавачанне. За кратамі яна зазнае ціск, ёй нават не перадаюць лекаў. Днямі Паліну трэці раз кінулі ў карцар – на 20 содняў. Сітуацыя пагражае ейнаму жыццю і здароўю, б’е трывогу муж Андрэй Шарэнда.

«Да гэтага некалькі тыдняў таму яе паставілі на так званы прафілактычны ўлік як асобу, схільную да экстрэмізму, і зараз нават дробнае парушэнне выклікае тое, што нясе спагнанне, і за гэтае спагнанне ёй проста прызначаюць карцар», – падкрэслівае Андрэй Шарэнда.

Менскі гарадскі суд пачаў паўторна разглядаць справу Ціхана Восіпава, яго вінавацяць у наездзе на сілавікоў ды непраўдзівым даносе. Маладзёну пагражае да 12 гадоў турмы. Справу ўжо цалкам разгледзелі, Ціхан чакаў прысуду, але цяпер пачалі разглядаць паўторна.

«12 красавіка пачалося першае паседжанне, пачаўся суд. Заставалася толькі апошняе паседжанне і вынесці прысуд, але вырашылі аднавіць справу. Суддзя першы сышоў на бальнічны. Паведамілі нам сёння, што памянялі суддзю, і працэс пачаўся наноў», – распавядае жонка Ціхана Вольга Восіпава.

Генеральная пракуратура накіравала ў Вярхоўны Суд крымінальную справу супраць Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова, Ігара Лосіка, Уладзімера Цыгановіча. Суд мае вызначыць, дзе будуць праходзіць слуханні. Канчатковае абвінавачанне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу выставілі і актывісту Мікалаю Дзядку.

З ютуб-блогерам з Барані Змітром Казловым, вядомым на мянушку Шэры Кот, а цяпер палітзняволеным, літаратуразнаўца з Воршы Паліна Сцепаненка лістуецца рэгулярна. Зняволены наракае, што вялікія лісты да яго не даходзяць. Толькі кароткія, на паштоўках.

«Цяпер так атрымалася, што я пішу лісты Шэраму Кату. На той момант было зразумела, у якой краіне мы жывем, але на той момант цяжка было ўявіць, што Шэры Кот стане палітвязнем. І што мы будзем з ім перапісвацца, і дастаткова рэгулярна», – кажа Паліна Сцепаненка.

Суд над Змітром Казловым, Яўгенам Афнагелем, Паўлам Юхневічам, Максімам Вінярскім, Андреем Войнічам ды Паўлам Севярынцам прызначаны на 12-га траўня.

Ігар Станкевіч, «Белсат»