Зяленскі: «Расейскія акупанты вышуквалі і забівалі кожнага, хто служыў нашай дзяржаве»


У Бучы няма ніводнага злачынства, якога не здзейснілі расейскія акупанты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэтак апісаў сітуацыю прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас паседжання Рады Бяспекі ААН, прысвечанага зверствам расейскай арміі на Кіеўшчыне:

«Расейскія акупанты вышуквалі і забівалі кожнага, хто служыў нашай дзяржаве. Яны расстрэльвалі жанчын, калі яны падыходзілі да будынкаў і проста пыталі, ці ёсць там хтось жывы. Яны забівалі цэлыя сем’і – дарослых і дзяцей, намагаліся спаліць іхныя целы».

На паседжанні неаднаразова быў апісаны ўвесь жах, які пабачылі людзі пасля вызвалення Кіеўшчыны і Чарнігаўшчыны: целы забітых на вуліцах, забітыя дзеці, масавыя ґвалтаванні і катаванні людзей расейскімі войскамі.

«Нашто Расея прыйшла ва Украіну? Скажыце мне. Кіраўніцтва Расеі адчувае сябе каланізатарамі, як у старажытны час. Ім трэба нашыя багацці, нашыя людзі. Расея ўжо дэпартавала на сваю тэрыторыю дзясяткі тысячаў нашых грамадзянаў, далей – сотні. Выкрала больш за дзве тысячы дзяцей. Проста выкрала тысячы дзяцей і працягвае гэта рабіць! Яны хочуць ператварыць украінцаў у маўклівых рабоў» – заявіў Зяленскі.

У сваім выступе Зяленскі казаў, што Расея будзе адмаўляць абвінавачанні ў ваенных злачынствах, задакументаваных міжнароднымі арганізацыямі, і тыражаваць фэйкі пра вайну. Гэтак і выйшла. Прымусовы вываз людзей з акупаваных тэрыторыяў назвалі добраахвотнай эвакуацыяй, а таксама заявілі, што ва Украіне балююць нацысты, якія знішчаюць мірнае насельніцтва.

«Гэта было б ладна, але яны яшчэ і дзеюць, як нацысты, і забіваюць, як яны. Прытым не толькі расейскіх палонных жаўнераў, у адносінах якіх пасля выхваляецца ў інтэрнэце, але і сваіх жа. Вашыя неанацысты і радыкалы адзначаюцца беспрынцыповаю жорсткасцю да мірнага насельніцтва, якое яны выкарыстоўваюць у якасці жывога шчыта, і ўсталёўваюць каля жылых дамоў цяжкую артылерыю» – кажа Васіль Нябензя, сталы прадстаўнік Расеі ў ААН.

Такую пазіцыю сталага прадстаўніка Расеі ў ААН можна было прадбачыць, бо яна цалкам паўтарае ўжо агучанае расейскім бокам раней.

«Вайскоўцы 72-га ўкраінскага галоўнага цэнтру псіхалагічных аперацыяў правялі чарговыя пастановачныя здымкі нібыта загінулых ад дзеянняў расейскіх узброеных сілаў мірных жыхароў для наступнага распаўсюду ў заходніх СМІ. Падобныя захады ўкраінскімі спецслужбамі арганізаваныя ў Сумах, Канатопе ды іншых гарадах» – заяўляў прадстаўнік Міністэрства абароны РФ Ігар Канашэнкаў.

А вось так расейскія акупанты апраўдваюць масавыя забойствы цывільнага насельніцтва ў Марыупалі.

«За апошнія двое содняў частка баевікоў колькасцю ад 150 да 200 чалавек, выкарыстоўваючы гуманітарныя калідоры і пераапрануўшыся ў цывільную вопратку, дэзертавала з гораду і разрозненымі групамі па 10-15 чалавек рухаюцца ў запарожскім кірунку па прасёлачных дарогах. За сённяшнюю ноч 93 з іх ліквідаваныя» – кажа прадстаўнік Генштабу Узброеных сілаў РФ Міхаіл Мізінцаў.

На міжнародную супольнасць такая двуххадовая расейская прапаганда прадказальна не дзеіць, затое ўплывае на свядомасць грамадзянаў РФ, якія ў абсалютнай большасці падтрымліваюць дзеянні Крамля ва Украіне і не вераць у здзяйсненне ваенных злачынстваў расейскімі жаўнерамі.

Жыхары Калінінграду кажуць:

«Тое, што СМІ вяшчаюць, пэўная доля праўды ў гэтым ёсць».

«Правільна, што Расея ўмяшалася. Бо людзі там 8 гадоў жылі, яны там не жылі, а існавалі. Там жывуць забойцы, як я лічу, нацысты».

«Расейцы не могуць так паступаць паводле натуры сваёй».

«Тое, што Пуцін робіць, я лічу гэта правільна».

Тым часам, паводле мэра Бучы Анатоля Фэдарука, у гэтым горадзе з 30-ці тысячаў чалавек даваеннага насельніцтва пасля расейскай акупацыі засталося ў дзесяць разоў меней. Вось так і выглядае аблічча «русского мира».

Зміцер Мацкевіч, «Белсат»