Усё больш зорак байкатуюць «Славянскі базар»


«Славянскі базар» – вось гэта конкурс, вось гэта сапраўднае майстэрства», – выказаўся міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч. А «Еўрабачанне», на ягонае меркаванне, стала «крыху падмяняць агульначалавечыя паняцці». Праўда, шэраг зорак шоу-бізнесу не пагадзіўся з Маркевічам і сёлета адмаўляецца ад удзелу менавіта ў «Славянскім базары».

«Сёлета, беручы пад увагу падзеі, якія пачаліся са жніўня летась, напэўна, у Беларусі не зусім фестывальны настрой. І мне падаецца, што проста не да месца», – тлумачыць сваё рашэнне вядоўца Цімур Мірашнічэнка.

Ён вёў «Славянскі базар» больш за 10 гадоў, але сёлета ў Віцебск не прыедзе. Цімура мусіў замяніць іншы ўкраінскі вядоўца – Андрэй Даманскі, але ён таксама адмовіўся. Пра свой няўдзел у фестывалі заявілі і другія зоркі, якія спачатку былі заўважаныя на афішах: Міхаіл Галусцян, гурт «Рондо» і Аляксандр Іваноў, беларускі спявак Антон Табала, украінская спявачка MARUV. На такія рашэнні артыстаў у значнай ступені паўплывалі самыя беларусы, якія пачалі масава прасіць зорак адмовіцца ад удзелу ў фестывалі з прычыны палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

Вось што думаюць пра байкот фестывалю жыхары Віцебску:

«Ехаць – не ехаць, гэта ягонае ўласнае права, але рабіць выгляд, што нічога не адбываецца ў краіне, – гэта няправільна».

«Тое самае, як нашых беларусаў зарубілі на «Еўрабачанні», прычым тут народ, адмоўна».

«Гэта баль падчас чумы».

«Калі артыст не паедзе, значыць, ён салідарны з беларускім народам».

«Я б падтрымаў, каб ніхто не прыязджаў і байкатавалі ўсе гэтыя мерапрыемствы».

Арганізатары назвалі просьбы беларусаў да зорак «эмацыйным ціскам на творчых людзей». У сваю чаргу артысты кажуць пра ціск з боку дзяржавы. Дзяніс Дудзінскі летась збіраўся 15-ы раз правесці «Славянскі базар», але нечакана арганізатары адхілілі яго ад удзелу. Як цяпер разумее Дзяніс – нешта не тое напісаў у сацыяльных сетках.

«Гэта цацка дзяржавы перадусім, пры дапамозе якой Лукашэнка можа заявіць: вось мы, вось Беларусь, прыгожая, хлебасольная, вось прыязджайце, тут у нас весела, прыгожа і здорава. То бок цяпер гэта, вядома ж, інструмент выключна прапаганды», – кажа тэлевядоўца Дзяніс Дудзінскі.

Што фестываль не можа ісці асобна ад палітыкі, мяркуе і ўладальнік гран-пры на конкурсе маладых выканаўцаў на «Славянскім базары» ў 2016 годзе Аляксей Грос:

«У нашай краіне сёння апалітычным не можа быць ні адзін чалавек, і гэта не наш выбар – гэта выбар усяго нашага адміністрацыйнага крыла».

Былы міністр культуры Беларусі Павел Латушка сцвярджае, што «Славянскі базар» быў палітызаваным заўсёды. Маўляў, Лукашэнка асабіста ўзгадняе праграму і нават кожнага выканаўцу на фестывалі. У сувязі з маштабнымі рэпрэсіямі ў Беларусі, у тым ліку ў культурніцкай сферы, Латушка ад імя Народнага антыкрызіснага ўпраўлення даслаў ліст у афіцыйны Кіеў з прапановай адмовіцца ад падтрымання і фінансавання фестывалю.

«Удзельнічаць у прапагандысцкім шоу дзеля адной персоны на прозвішча Лукашэнка на сённяшні дзень – гэта яго легімітызацыя, гэта фактычна танчыць на касцях, на тых катаваннях і злачынствах, якія ажыццяўляе рэжым у адносінах да ўсяго грамадства, ну і тут гэта як прыклад дзеячы культуры і прадстаўнікі мас-медыя», – заяўляе Павел Латушка.

У новай Беларусі, кажа Павел Латушка, «Славянскі базар» таксама будзе запатрабаваны, толькі зусім у іншым фармаце.

Ірына Карніенка, «Белсат»