«Каб у медыйнай прасторы адсутнічала непадкантрольная дзейнасць». У Міністэрства інфармацыі новы кіраўнік


У Міністэрства інфармацыі новы кіраўнік, а ў Ігара Луцкага – новая, вышэйшая пасада, цяпер ён намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

«Напэўна, было за што, калі суд вырашыў. Я ж не суддзя», – так, будучы міністрам інфармацыі, Ігар Луцкі адказваў на пытанне пра суды над журналістамі.

На пытанне «І вас у прынцыпе не турбуе лёс незалежных журналістаў?» Луцкі адказаў: «Вядома, турбуе. Лёс журналістаў, якія законапаслухмяныя».

Дванаццаць жа незаконапаслухмяных, з пункту гледжання міністра, але незалежных журналістаў застаюцца ў турмах, абвінавачаныя паводле крымінальных артыкулаў. Нашыя журналісткі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова за кратамі ўжо 140 дзён.

Агулам за тыя восем месяцаў, што Ігар Луцкі займаў пасаду міністра, больш за 400 разоў журналістаў затрымалі падчас працы. Былы міністр спрычыніўся да пагаршэння сітуацыі з медыямі, мяркуе намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:

«Гэта і многія папярэджанні, якія выносілі недзяржаўным медыям, гэта і пазбаўленне TUT.BY статусу СМІ, і менавіта Ігар Луцкі прымаў гэтае рашэнне».

Апроч таго, закрыццё папяровых версіяў шэрагу рэгіянальных медыяў, блакаванне інфармацыйных сайтаў, сярод якіх і старонка «Белсату», адмова ў друку для «Народнай волі» і «Камсамольскай праўды», адмова распаўсюду для беларускамоўных часопісаў «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!». У першым чытанні прынятыя папраўкі ў Закон пра СМІ, якія зробяць больш складанай, а часам і немагчымай працу незалежных журналістаў.

«Мы звяртаемся да новага міністра, да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, да ўсіх чыноўнікаў, датычных да паправак: закон абавязвае вас вынесці гэтыя папраўкі, абмеркаваць заканадаўства аб СМІ з самімі СМІ», – кажа Барыс Гарэцкі.

Журналіст зазначае, што новапрызначаны кіраўнік Міністэрства інфармацыі Уладзімір Пярцоў займаў рэзкую пазіцыю ў дачыненні недзяржаўных медыяў, крытыкуючы ды паліваючы брудам на тэлебачанні незалежных калегаў. А што параяць новаму міністру менчукі?

«Што яму можна параіць? Мне проста іх шкада».

«Я б хацела, каб мы атрымоўвалі сумленную інфармацыю пра ўсё: і статыстыку пра каронавірус, і пра сітуацыю ў краіне».

«Бессэнсоўна ўсё гэта, у нашай краіне гэта ўсё бессэнсоўна».

«Прасіць я нічога не буду. Я думаю, ён мае свае абавязкі, якімі ён мае займацца».

«Дазволіць «Белсату» на беларускім тэлебачанні паказваць».

«У міністра інфармацыі? Хацелася б інфармацыю праўдзівую папрасіць, напэўна».

Лукашэнка прызначэнне новага міністра абгрунтаваў проста:

«Ідзе інфармацыйная вайна, ужо не проціборства. Баюся, што далей горш будзе ў плане інфармацыйнага супрацьстаяння».

Вайну ўладаў з недзяржаўнымі медыямі прагназуе і незалежны медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі:

«Відавочна, што гэта план, які мае канкрэтную перспектыву, я думаю, да восені дасягнуць выніку, каб у медыйнай прасторы адсутнічала непадкантрольная дзейнасць».

Зменаў да лепшага для незалежных медыяў са зменай міністра не чакаюць ні эксперты, ні журналісты.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»