Кампенсацыя шкоды за маральныя пакуты міліцыянтам, гады «хіміі», працяг суда над Віктарам Бабарыкам

Міліцыянты, якія разганялі пратэсты ў ноч на 10-га жніўня ў Пінску, у судзе Маскоўскага раёну Берасця запатрабавалі кампенсацыю шкоды за маральныя пакуты. За страх, прыніжэнне, боль і сорам, страту сну ад перажытых падзеяў і страту апетыту 72 сілавікі хочуць ад 14-ці затрыманых пінчукоў немалую суму – агулам 382 з паловаю тысячы рублёў. У адказ на гэта жыхары Піншчыны стварылі петыцыю з патрабаваннем правесці пазачарговую атэстацыю гэтых пацярпелых міліцыянтаў як занадта пяшчотных і ўражлівых для такой небяспечнай працы.

У судзе Савецкага раёну Менску прагучаў прысуд у крымінальнай справе палітычнага зняволенага Кірыла Паўлаўца, якога вінавацілі ў арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх. Нібыта Паўлавец 30 жніўня на плошчы Свабоды ў Менску перашкаджаў працы транспарту і заклікаў людзей да ўдзелу ў акцыях пратэсту. Суддзя Марына Фёдарава прысудзіла Кірылу Паўлаўцу тры гады гэтак званай хіміі – абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Яго вызвалілі ў залі суда.

«Ён нічога не зрабіў. Ён не злачынца. Тры гады «хіміі» даваць за тое, што проста ішоў па вуліцы? Я не разумею гэтага. Радасць, што выйшаў, што на свабодзе, а далей будзем нешта думаць». – распавядае жонка Кірыла Паўлаўца Таццяна.

У тэрмін адбыцця пакарання будуць залічаныя паўгода, якія Кірыл Паўлавец правёў у СІЗА.

«Дзякуй вам за падтрымку, за тое, што пішаце пра гэтае вось усё. Ну і проста па-чалавечы дзякуй», – кажа Кірыл Паўлавец.

Таксама трыма гадамі «хіміі» паводле таго ж 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу пакаралі пяцідзесяцігадовага Яраслава Збароўскага. Акрамя таго, суддзя Першамайскага раёну сталіцы Максім Трусевіч пастанавіў канфіскаваць у даход дзяржавы асабісты аўтамабіль Збароўскага як сродак здзяйснення злачынства. Мужчыне прыпісвалі ўдзел у блакаванні дарогі і ўзвядзенні барыкадаў у ноч з 10 на 11-га жніўня каля ГЦ «Рыга».

«Вось кніжка ў мяне – КПК Беларусі (сцерлася трохі, што праўда). Ніякіх доказаў. Адныя размовы, размовы па тэлефоне, нагаворы. Цяжка распавядаць, калі цябе вінавацяць у тым, чаго не рабіў» – распавядае Яраслаў Збароўскі.

У будынку суда Маскоўскага раёну Менску працягнуўся суд над Віктарам Бабарыкам. Чакаецца, што на гэтым тыдні адбудзецца ягоны допыт. Суд пастанавіў дапытваць Віктара Бабарыку апошнім і забараніў яму рабіць заявы да заканчэння допыту астатніх фігурантаў справы. Падчас следчых дзеянняў Бабарыка паказанняў не даваў і сваёй віны не прызнаў.

«Ён заўсёды пасміхаецца, заўсёды ў добрым настроі. Вельмі рады бачыць усіх, хто прыходзіць яго падтрымаць і выказаць салідарнасць. Такіх людзей шмат. Ён трымаецца добра. Салідарнасць не мае межаў, і я лічу, што вельмі важна падтрымліваць тых, хто цяпер пакутуе, хто сядзіць за нашую свабоду», – дзеліцца сваймі ўражаннямі Валерыя, што прыйшла падтрымаць Віктара Бабарыку.

Паводле стану на 5-га красавіка палітычнымі вязнямі ў Беларусі прызналі 322 чалавекі. Фігурантамі крымінальных справаў выступаюць як найменей тысяча асобаў.

Алесь Баразенка, «Белсат»

Глядзі таксама