«Гэта выкладанне дадзеных злачынцаў, якія чыняць тэрор». «ByPol» апублікавала імёны працаўнікоў ГУБАЗіКу


Ініцыятыва «ByPol» апублікавала імёны працаўнікоў ГУБАЗіКу – бадай, самага антынароднага падраздзялення беларускай міліцыі, якое адзначылася жорсткасцю адносна мірных дэманстрантаў. У спісе цяпер 110 імёнаў, аднак аўтары запэўніваюць: усіх, хто трапіў туды памылкова, скрэсляць.

Ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў «ByPol» у працяг барацьбы з рэжымам апублікавала поўны спіс працаўнікоў Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.

«Відавочна, што гэта спосаб абароны. Гэта спосаб зрабіць так, каб гэтым людзям было няёмка рабіць сваю чорную працу», – гаворыць дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі.

Першым у спісе пазначаны Мікалай Карпянкоў. Менавіта ён узначальваў ГУБАЗіК падчас здушэння пратэстаў. Шырока вядомым Карпянкоў стаў пасля таго, як разбіў дручком шкляныя дзверы менскай кавярні, дзе хаваліся ўдзельнікі мірнай акцыі.

А сваім падначаленым, паводле апублікаванага ў студзені ініцыятываю «ByPol» аўдыёзапісу, ён загадваў забыць пра нормы права ды браць на дэманстрацыі баявую і траўматычную зброю.

«Ужываць зброю яму проста ў лоб, проста ў лоб, проста туды, пасля чаго ён ніколі не вернецца ў стан, у якім быў. Ну, адкачаюць дык адкачаюць. Не будзе ў яго паловы мозгу, ну, туды яму і дарога», – інструктуе падначаленых Мікалай Карпянкоў.

Цяпер Карпянкоў – намеснік міністра ўнураных справаў. Прызначаны па загадзе Аляксандра Лукашэнкі.

Тым жа, хто развітаўся са сваёй пасадай у ГУБАЗіКу на загад сумлення, у апублікаваным ініцыятываю «ByPol» спісе месца не будзе.

«Калі вы знайшлі сябе ў спісе, але пакінулі ўжо згаданае падраздзяленне на загад сумлення – пішыце ў «Тэлеграм» @OSB_By_Pol з пацверджаннем гэтага факту для карэктавання спісу».

На сёння ў спісе 110 асобаў. Пазначаныя не толькі імёны, але і асабістыя звесткі. І тут паўстае пытанне парушэння закону.

На думку палітолага Вольгі Харламавай, стварэнне гэткіх спісаў – праца патрэбная, і ў пэўны час яна дасць свой плён. А вось абнародаванне выклікае сумневы.

«Робячы такія публікацыі, мы пачынаем граць не на сваім полі і пачынаем дзейнічаць не сваімі метадамі. Калі падкрэсліваецца, што пратэст мірны, калі падкрэсліваецца, што метады, якія выкарыстоўваюцца, максімальна гуманныя і этычныя, такая дзейнасць выходзіць па-за гэтыя метады», – гаворыць Вольга Харламава.

«Давайце паглядзім, хто парушае закон і як. Адна справа, што гэта могуць быць парушэнні, якія не маюць крымінальнага характару. З другога боку – гэта выкладанне дадзеных пра сапраўдных злачынцаў, якія чыняць тэрор, крымінальныя злачынствы», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі.

А ці знаходзяць гэткія дзеянні падтрыманне ў беларусаў?

Жыхары Менску кажуць:

«Я лічу, што публікаваць любыя спісы – няправільна. А хто ў нас можа абвінавачваць? Толькі суд».

«Ідзе парушэнне правоў, і гэта відаць няўзброеным вокам, таму калі публікуюцца такія рэчы – то як паступаюць, такая і ўзнагарода, скажам так. Гэта адказ».

«Я думаю, што трэба было публікаваць іх прозвішчы, таму што калі мяне схапілі каля Камароўскага рынку, я б таксама хацела ведаць, хто гэта быў – у масках і апрануты не як міліцыянт».

Усіх, хто цяпер чыніць тэрор, гвалтуе, катуе ды забівае людзей, прыцягнуць да адказнасці – упэўнены дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі. Тыя ж, хто не здзяйсняў цяжкіх злачынстваў, могуць пайсці па канцэпцыі нацыянальнага замірэння, распрацаванай Каардынацыйнай радай.

Анастасія Русецкая, Белсат