Вырак Паўлу Спірыну: за два фільмы – чатыры з паловаю гады калоніі


За два фільмы – чатыры з паловаю гады калоніі. Такі вырак Менскі гарадскі суд абвясціў Паўлу Спірыну. Блогер крытыкаваў улады ў роліках на YouTube, абвінавацілі ж мужчыну ў распальванні сацыяльнай варожасці.

Чатыры з паловаю гады калоніі агульнага рэжыму – такі вырак вынес сёння Менскі гарадскі суд Паўлу Спірыну. Блогера прызналі вінаватым у распальванні сацыяльнай варожасці. Нагодаю для ўзбуджэння крымінальнай справы сталі два фільмы на YouTube-канале Спірына, у якіх ён крытыкуе праваахоўную сістэму і органы дзяржаўнай улады Беларусі.

«Куча людзей, якая выехала за межы Беларусі. Будуць рабіць гэтыя ролікі і не будуць думаць пра нейкую самацэнзуру. Будуць пляжыць і гэтую міліцыю, пракуратуру, калі ёсць за што. Нічога гэта не вырашае. Патрэбна ўсе роўна, каб гэты страх, каб мы яго рэпосцілі так ці інакш. Вялі нейкую самацэнзуру. Каб пратэст сышоў з вуліцы ну хаця б у курылку. Яны ведаюць, што ён не сышоў нікуды», – лічыць кіраўнік цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Фільм Спірына «Грань» пра наркатрафік у Беларусі ўлучылі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Яму таксама выставілі абвінавачанне за ролік «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-бланш на садызм». Дзяржаўная сацыяльна-псіхалагічная экспертыза выявіла варожыя ўстаноўкі ў відэа. Суд жа заклікаў не звяртаць увагі на даследаванне незалежнага спецыяліста, які ніякай варожасці ў фільмах не ўбачыў.

«У матэрыялах справы няма тэкставага зместу ролікаў. А эксперты сказалі, што на падставе тэкстаў. Але гэта хлусня! Гэта ж падман, чысты падман! Гэта артыкул 402 Крымінальнага кодэксу: «Даванне заведама непраўдзівых паказанняў», – абураецца адстаўны старэйшы памочнік ваеннага пракурора Васіль Бельмач.

Падчас апошняй прэзідэнцкай кампаніі блогер заявіў пра намер балатавацца на прэзідэнцтва, але Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў ягонай ініцыятыўнай групы.

«Хто быў сёння, бачыў ягоны фільм «Грань». Няма там нічога, што б яму сёння малявалі. Гэта страх, гэта страх улады. Што яны могуць?» – кажа блогерка Вольга Такарчук.

«Слёзы немагчыма стрымаць. Калі-небудзь прыйдзе да нас справядлівасць. І думаю, што праўда пераможа», – кажа спадарыня Валянціна.

На судзе Павел сказаў, што для сваёй краіны хоча толькі дабра. А ягоныя відэа – гэта проста крытыка.

«Усе ходзім пад Богам. Бог усё бачыць. Галоўнае – справядлівасць пераможа. Калі розум ёсць у людзей, павінны ж зразумець», – падсумоўвае Таццяна Спірына маці Паўла.

Таццяна Спірына кажа, што галоўнае – каб сын усё гэта вытрымаў.

Вольга Гоманава, «Белсат»